Беларуская Служба

15 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень пісьменніка ў зняволенні

15.11.2023 13:02
Праз СІЗА і калоніі праходзяць тысячы беларусаў, на сённяшні дзень за кратамі ўтрымліваецца амаль 1500 палітзняволеных. Некаторыя з іх – пісьменнікі, мастакі, музыкі.
    .
Кніга былога палітвязня Алега Груздзіловіча.Фота: ПЦ "Вясна"

15 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень пісьменніка ў зняволенні. Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім свеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасць насельніцтва аб несправядлівым зняволенні і іншых формах агрэсіі ў дачыненні да пісьменнікаў і пісьменніц з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасць са зняволенымі.

З моманту пачатку выбарчай кампаніі 2020 года праз СІЗА і калоніі праходзяць тысячы беларусаў, на сённяшні дзень за кратамі ўтрымліваецца амаль 1500 палітзняволеных. Некаторыя з іх – пісьменнікі, мастакі, музыкі, некаторыя толькі за кратамі вынайшлі ў сабе талент пісаць вершы, казкі ды апавяданні.

Пакуль палітвязень Андрэй Скурко знаходзіўся за кратамі, у беларускім выдавецтве «Тэхналогія» выйшла кніга «Пра сланоў і барсучкоў», куды ўвайшлі вершы аўтарства палітзняволенага журналіста, кіраўніка аддзелу рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы». Кніга ўтрымлівае 65 вершыкаў, якія мужчына стаў пісаць некалькі гадоў таму, на патрэбу дзіцячага часопісу «Дуду». А пасля працягнуў пісаць для сына Тамашыка, каб захоўваць сувязь з ім на адлегласці. Пасля кнігу агучылі беларускія акторы і акторкі.

Палітвязень Аляксандр Васілевіч ужо на волі, але за кратамі ў мінскім СІЗА ён напісаў казкі пра ўнутраную свабоду. Сябры сузаснавальніка The Village Беларусь выпусцілі кнігу казак, якія ён напісаў для сваёй сямігадовай дачкі.

«Зэкамерон» – гэта зборнік ста апавяданняў пра жыццё ў зняволенні, якія Максім Знак напісаў ў СІЗА-1 на Валадарскага. Пераклад кнігі на англійскую трапіў у спіс лаўрэатаў прэміі PEN Translates Awards.

Кніга «Мае турэмныя муры» Алега Груздзіловіча выйшла ў Бібліятэцы Свабоды – серыі выданняў Радыё Свабоды.
Напрыканцы 2017 году стала выходзіць серыя «Беларуская турэмная літаратура». Яна была запачаткаваная і апякуецца Праваабарончым цэнтрам «Вясна». Серыя ўключае ў сябе літаратурныя творы, напісаныя з уласнага турэмнага досведу: прозу, вершы, дзённікі, успаміны. Ідэя выпуску кніг палітвязняў у адной выдавецкай серыі прыйшла Алесю Бяляцкаму, які ў 2011-2014 гадах адбыў па палітычнай справе тры гады калоніі, напісаў «Турэмныя сшыткі», якія ў тым ліку і ўвайшлі ў серыю «Беларускай турэмнай літаратуры». На дадзены момант у серыі выдадзена дзесяць кніг.

ПЦ «Вясна»

нг