Беларуская Служба

У праект 12-га пакету санкцый Еўрасаюзу за расійскую вайну ва Украіне трапілі 11 беларусаў

15.11.2023 16:03
У новы пакет могуць увайсці прадстаўнікі абароннай сферы Беларусі. 
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneAmani A/Shutterstock

Радыё Свабода паведамляе дэталі 12-га пакету санкцый ЕС за агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны і яе падтрымку ўладамі Беларусі. У Еўрасаюзе лічаць 11 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў адказнымі за матэрыяльную падтрымку агрэсіі Расіі супраць Украіны. Іх абмяжуюць у магчымасці атрымаць візы і замарозяць актывы.

У новы пакет санкцый могуць увайсці прадстаўнікі абароннай сферы Беларусі. Сярод іх:

- першы намеснік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Алег Мішчанка, за павелічэнне паставак узбраення і вайсковай тэхнікі ў Расію;

- намеснік дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Аляксандр Рахманаў (за прасоўванне вайскова-тэхнічнай супрацы з Расеяй);

У спіс падсанкцыйных асоб прапанавалі ўключыць начальніка 230-га агульнавайсковага палігону ў Баранавіцкім раёне Аляксея Лабко (за падрыхтоўку на палігоне мабілізаваных расіян);

- першага намесніка дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Паўла Муравейку (за забеспячэнне развіцця рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі);

- начальніка Дэпартаменту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Валерыя Равенку (у спісе Рэвенка – РС) за арганізацыю і рэалізацыю вайсковай супрацы з Расіяй;

Папярэдне ўзгаднілі ўвядзенне санкцый супраць старшыні Камітэту кантролю Васіля Герасімава;

- начальніка 174-га навучальнага палігона вайскова-паветраных сіл і войскаў СПА Віталя Яфанава (адказваў за падрыхтоўку расейскіх мабілізаваных);

- камандзіра 61-й авіябазы ў Баранавічах Леаніда Давідовіча (базу выкарыстоўвалі для запуску ракет па Украіне);

- намесніка начальніка Генеральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі Сяргея Лагадзюка;

Санкцыі могуць увесці супраць начальніка Гомельскага філіялу дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя» Уладзімера Чаравухіна, адказнага за прадастаўленне гомельскага аэрапорту для самалётаў паветрана-касмічных сіл Расіі;

- і намесніка старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі Вячаслава Рассалая, адказнага за перадачу Расіі ўзбраення і вайсковай тэхнікі для вайны ва Украіне.

У Еўрасаюзе лічаць усіх гэтых асобаў адказнымі за матэрыяльную падтрымку агрэсіі Расіі супраць Украіны. Іх абмяжуюць у магчымасці атрымаць візы і замарозяць актывы.

Чакаецца, што галоўным у 12-м санкцыйным пакеце ЕС стане забарона гандлю расійскімі дыяментамі і звадкаваным газам, а таксама імавернае узмацненне ліміту цэнаў на продаж расійскай нафты.

Апроч таго, плануюць забараніць пастаўкі ў Расію хімічных рэчываў, літыевых батарэй, тэрмастатаў, рухавікоў пастаяннага току, матораў для беспілотнікаў, станкоў і дэталяў абсталявання, якія можна выкарыстоўваць у ваеннай прамысловасці.

Еўрасаюз таксама разглядае магчымасць, каб еўрапейскія кампаніі, якія кантралююць грамадзяне Расіі або расейскія юрыдычныя асобы, атрымлівалі дазвол на перавод грошай за межы ЕС.

Абмеркаванне гэтых прапаноў адбудзецца ў Бруселі на гэтым тыдні.

Радыё Свабода

нг