Беларуская Служба

Амерыканскія даследчыкі пацвердзілі незаконны вываз украінскіх дзяцей у Беларусь

17.11.2023 18:08
Амерыканскія расследвальнікі, спасылаючыся ў тым ліку на інфармацыю Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, выявілі, што ў 13 установаў Беларусі з пачатку вайны да 30 кастрычніка 2023 года было вывезена не менш за 2442 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў, сярод іх былі і з уразлівых групаў. Большая частка – 2050 украінскіх дзяцей – трапіла ў беларускі лагер «Дубрава».
ІлюстрацыяФота: shutterstock.com/NadyaEugene

Лабараторыя гуманітарных даследаванняў Ельскай школы грамадскай аховы здароўя (Yale HRL) апублікавала 16 лістапада справаздачу «Супрацоўніцтва Беларусі з Расіяй у сістэматычнай дэпартацыі дзяцей Украіны». Гэты дакумент фіксуе ролю Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму ў вывазе ў Беларусь украінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый, – паведамляе euroradio.

У справаздачы называецца колькасць дэпартаваных дзяцей, месцы, маршруты і праграмы перамяшчэння. Таксама называюцца ключавыя асобы ў прыняцці і выкананні рашэння пра вываз.

Амерыканскія расследвальнікі, спасылаючыся ў тым ліку на інфармацыю Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, выявілі, што ў 13 установаў Беларусі з пачатку вайны да 30 кастрычніка 2023 года было вывезена не менш за 2442 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў, сярод іх былі і з уразлівых групаў. Большая частка – 2050 украінскіх дзяцей – трапіла ў беларускі лагер «Дубрава».

У справаздачы гаворыцца, што гэтыя лічбы атрымалася пацвердзіць «з высокай ступенню дакладнасці». Але агульная колькасьць незаконна вывезеных украінскіх дзяцей, вельмі верагодна, перавышае гэтую лічбу.

Дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей была непасрэдна ўзгодненая Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным пры падтрымцы спецслужбаў Расіі і Беларусі – у тым ліку расійскім Следчым камітэтам і «ўнутранымі войскамі Беларусі».

Расследвальнікі прыйшлі да высновы, што Лукашэнка непасрэдна кантралюе ўдзел Беларусі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей. Таксама адзначаецца важная роля, якую адыгралі паралімпіец Аляксей Талай і яго фонд, Вольга Волкава і яе арганізацыя «Дэльфіны» і ААТ «Беларуськалій».

Лабараторыя гуманітарных даследаванняў Ельскай школы грамадскай аховы здароўя заяўляе пра сістэматычнае перавыхаванне ўкраінскіх дзяцей. Прынамсі дзевяць груп украінскіх дзяцей у васьмі з 13 установаў зазналі «перавыхаванне»: ім «прапагандавалі культурныя, гістарычныя, грамадскія, патрыятычныя ды іншыя ідэі, якія адпавядаюць палітычным інтарэсам рэжымаў у Беларусі і Расіі».

Не менш за шэсць дзіцячых груп прайшлі ў Беларусі вайсковую падрыхтоўку, у тым ліку на базах органаў унутранай бяспекі Беларусі.

эж