Беларуская Служба

Лукашэнка робіць стаўку на тыя краіны, дзе лаяльна ставяцца да беларускага рэжыму

20.11.2023 12:45
Аляксандр Лукашэнка сёння прызначыў новых паслоў.
 .
Аляксандр Лукашэнка.Фота: Asatur Yesayants/Shutterstock.com

Прэсавая служба распавяла некаторыя падрабязнасці яго наказаў новых прызначэнцам.

Лукашэнка асобна запрасіў для размовы будучых паслоў у Кітаі і Зімбабвэ – звольненага міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова і былога кіраўніка ДФР Ігара Маршалава.

Звяртаючыся да іх, Лукашэнка падкрэсліў, што Зімбабвэ і Кітай – «дзве краіны надзвычай важныя».

У Зімбабвэ, паводле Лукашэнкі, пасол будзе пачынаць працу ўсё ж не з чыстага ліста (ён узгадаў свой візіт у гэту краіну), але там «яшчэ неаранае поле».

«Хаця хлеба ўжо дзякуючы нам [у Зімбабвэ] атрымалі дастаткова, каб людзей накарміць», – сказаў ён.

«Сабраць хлеб не маглі. А зараз яны ўбіраюць два-тры ўраджаі. Яны забяспечылі сябе галоўным прадуктам», – сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што «натуральна, гэта не дабрачыннасць».

Што датычыцца супрацоўніцтва з Сербіяй, то, гаворыць Лукашэнка, сітуацыю трэба сур'ёзна вывучыць.

«Трэба разабрацца ў той палітыцы, якую Сербія праводзіць і жадае праводзіць адносна Беларусі, – паставіў ён задачу. – Калі яны хочуць [супрацоўнічаць з Беларуссю], значыць, павінен быць вынік у гандлёва-эканамічных адносінах. 

Калі яны хочуць віляць хвастом, груба кажучы, і падтрымліваць еўрапейска-амерыканскія санкцыі супраць Беларусі, гэта іх справа, няхай вызначаюцца і падтрымліваюць, калі яны забыліся пра тое дабро, з якім мы ішлі да іх».

Лукашэнка арыентаваў дыпламатаў на тое, каб узмацняць узаемадзеянне па тых напрамках, дзе лаяльна ставяцца да беларускага рэжыму.

«Калі Захад і Амерыка не хочуць з намі супрацоўнічаць, добра – будзем «вартаваць» свае пасольствы там, дзе гэта трэба. А асноўных дыпламатаў мы павінны перакінуць на тыя напрамкі, дзе мы бачым рух. У нас па многіх краінах ёсць рух, мы супрацоўнічаем з многімі краінамі. Трэба іх узмацняць».

Трэба, паводле Лукашэнкі, вызначыцца і з Сербіяй.

«Проста вам трэба палітычна там разабрацца, чаго яны хочуць. Адна справа – заяўляць, а рабіць зусім іншае. Такая палітыка нікому не патрэбна. Таму трэба тут разабрацца», – даручыў ён прызначанаму паслу Сяргею Маліноўскаму.

яс/Наша Ніва