Рашэннем Віцебскага абласнога суда падверглася прымусовай ліквідацыі Міжнароднае грамадскае аб'яднанне рэабілітацыі падлеткаў, інвалідаў і пажылых людзей «Алмаз».
МГА «Алмаз» было зарэгістравана ў лютым 2000 года. Увесь час сябры грамадскага аб’яднання і валанцёры аказвалі псіхалагічную дапамогу, праводзілі аздараўленчыя і забаўляльныя мерапрыемствы, што дазваляла пажылым людзям і інвалідам пашырыць сацыяльныя кантакты.
Дзеля дасягнення сваіх мэт, праз Інтэрнэт ажыццяўлялася інфармацыйная падтрымка, праводзіліся шматлікія адукацыйныя мерапрыемствы.
Таксама грамадскія актывісты ў цесным кантакце з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі аказвалі сацыяльна-бытавую дапамогу, садзейнічалі рэабілітацыі і працоўнай занятасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск