Спісы сяброў выбарчых камісій публікавацца не будуць, заявіў у эфіры дзяржтэлеканала СТВ кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка. Ён сцвярджае, што гэта прадугледжана заканадаўствам, але апошняя рэдакцыя Выбарчага кодэкса яго абвяргае.
«Ёсць працэдура фармавання камісій. Заканадаўствам у нас прадугледжана, што мы цяпер не будзем вось гэты абагульнены спіс усіх сябраў камісій [публікаваць]», – заявіў Карпенка.
Раней, паводле арт. 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, рашэнне аб утварэнні камісій павінна было быць апублікавана ў друку ў сямідзённы тэрмін. У рашэнні аб утварэнні камісій павінны былі ўказвацца «прозвішча, імя, імя па бацьку кожнага сябра камісіі, спосаб вылучэння ў склад камісіі, месца знаходжання і нумары тэлефонаў камісіі». У новай рэдакцыі Выбарчага кодэкса палажэнне аб публікацыі рашэння аб утварэнні камісій прыбралі.
Паводле Карпенкі, на маючых адбыцца ў лютым наступнага года выбарах дэпутатаў у камісіях будуць працаваць каля 70 тысяч чалавек.
Ён нагадаў, што раней у Беларусі такія спісы друкаваліся. «Але, як кажуць, хацелі ж узяць прыклад з дэмакратычных дзяржаў і паказаць, што ў нас адкрытая сістэма. А ў выніку атрымалі булінг, ганенне гэтых людзей. Вы правільна казалі. Таму што гэтыя спісы становяцца раптам аб'ектам вывучэння, што тут граху хаваць, розных спецыяльных службаў, у тым ліку суседніх непрыязных дзяржаў. Вось мы самі стваралі гэтыя ўмовы. Цяпер мы гэтага рабіць не будзем», – яшчэ раз паўтарыў старшыня ЦВК.
Пры гэтым ён зазначыў, што «гэта не значыць, што члены камісіі будуць безназоўнымі».
«Калі вы прыйдзеце на выбарчы ўчастак, вы напэўна ўбачыце сябраў камісіі, якія там знаходзяцца, з бэйджыкамі – з імем і імя па бацьку. Ва ўсякім разе, калі вы захочаце звярнуцца да старшыні камісіі, ён прадставіцца, хто ён такі, калі ў вас ёсць нейкія пытанні і гэтак далей. А па вялікім рахунку гэтая інфармацыя для радавога выбаршчыка абсалютна не патрэбная, таму што выбаршчык выконвае сваю функцыю, а камісія выконвае сваю функцыю, прадугледжаную заканадаўствам», – заявіў Карпенка.
Ён адзначыў, што адмова ад публікацый спісаў – гэта мера бяспекі для сябраў камісій.
Нагадаем, пры правядзенні рэферэндуму ў 2022 годзе ў ЦВК таксама засакрэцілі імёны сяброў участковых камісій.
ав/zerkalo.io