Беларуская Служба

Мікалай Статкевіч сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару

21.11.2023 18:02
Па стане на 21 лістапада Мікалай Статкевіч ужо 285 дзён не тэлефанаваў сваякам, ад яго не даходзяць лісты, адрасаваныя яму медычныя бандэролі вяртаюць.
Мікалай Статкевіч screen/youtube, канал Мікалая Статкевіча на You Tube

Крыніца Радыё Свабода пацвердзіла, што Мікалай Статкевіч застаецца ў глыбоцкай калоніі ў вельмі цяжкіх умовах.

Сваякі Мікалая Статкевіча праз «другія рукі» атрымалі пацверджанне, што ён дагэтуль знаходзіцца ў глыбоцкай калоніі № 13, дзе сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару.

«Яго пазбавілі права на званкі, пазбавілі адзінай на год перадачы і спаткання. Сядзіць у адзіночнай камеры ПКТ, якую рэгулярна чаргуюць з ШЫЗА», – паведаміла крыніца, спаслаўшыся на чалавека, які адбывае пакаранне ў іншай калоніі, але нядаўна атрымаў звесткі пра глыбоцкую вязніцу.

«280 дзён «цішыні« мінула. Колькі яшчэ?» – гэтакім быў апошні допіс у фэйсбуку жонкі палітыка Марыны Адамовіч, якая вядзе падлік дзён вымушанага маўчання свайго мужа. Апошнім разам Марына Адамовіч атрымала ліст ад Мікалая Статкевіча 9 лютага.

Па стане на 21 лістапада Мікалай Статкевіч ужо 285 дзён не тэлефанаваў сваякам, ад яго не даходзяць лісты, адрасаваныя яму медычныя бандэролі вяртаюць. Таксама да палітвязня не можа трапіць адвакат.

Былога кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 году Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 году і праз паўтара года асудзілі на 14 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле 1 часткі артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).

Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Статкевіча палітвязнем.

ав/Свабода


Сілавікі затрымалі жыхарку Магілёва, якая вярнулася ў Беларусь з Варшавы

21.11.2023 14:11
Набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал 21 лістапада апублікаваў яе «пакаяннае» відэа.