Беларуская Служба

Адзін з банкаў запусціў паслугу, якая павінна крыху спрасціць жыццё тым, хто з'ехаў з Беларусі

22.11.2023 11:23
У сэрвісе даступныя разлікі за камунальныя плацяжы, інтэрнэт і мабільную сувязь з любой кропкі свету з карт VISA, Mastercard, «Мір».
:
Фота:Парытэтбанк

«Парытэтбанк» і правайдэр плацяжоў bePaid запусцілі сэрвіс па аплаце ў Адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (АРІП) карткамі замежных банкаў. Паслуга называецца «АРІП без межаў».

«Гэты сэрвіс найперш забяспечвае зручнасць у аплаце замежным гасцям, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, а таксама беларусам, якія працуюць за мяжой, – паведамляе «Парытэтбанк«. – У сэрвісе даступныя разлікі за камунальныя плацяжы, інтэрнэт і мабільную сувязь з любой кропкі свету з карт VISA, Mastercard, «Мір». Акрамя таго, з замежных карт магчыма аплата падаткаў, дзяржпошлін, штрафаў і іншых паслуг, за выключэннем фінансавых, а таксама плацяжоў на карысць анлайн-казіно і букмекерскіх кантор».

Для аплаты трэба зайсці на старонку сэрвісу на сайце «Парытэтбанка», выбраць паслугу, запоўніць неабходную інфармацыю і націснуць кнопку «аплаціць». Камісія складае 5% ад кожнай аперацыі.

У банку ўдакладняюць, што сума ў АРІП выстаўляецца ў беларускіх рублях.

«Разам з тым аплата можа здзяйсняцца з карт у любой валюце па курсе банка-эмітэнта карткі. Максімальная сума плацяжу вызначаецца пастаўшчыком паслугі, але не больш за 36900 беларускіх рублёў у адны суткі», – тлумачыць банк.

нг