Вярхоўная Рада Украіны падтрымала зацверджанае прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім рашэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) ад 20 лістапада аб прымяненні сектаральных эканамічных санкцый да Расіі і Беларусі ў абаронна-прамысловай сферы. Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале дэпутат Яраслаў Жалязняк, рашэнне падтрымалі 304 дэпутаты.
Дакумент прадугледжвае забарону на правядзенне аперацый з таварамі і паслугамі, на міжнародную перадачу якіх распаўсюджваецца дзеянне закону Украіны «Аб дзяржаўным кантролі за міжнароднымі перадачамі тавараў вайсковага прызначэння і двайнога выкарыстання», з рэзідэнтамі Расіі і Беларусі, у тым ліку якія праводзяцца з прыцягненнем рэзідэнтаў іншых дзяржаваў. Дзейнічаць санкцыі будуць 50 гадоў, паведамляе «Свабода».
У адпаведнасці з рашэннем спыняецца выкананне эканамічных і фінансавых абавязанняў на карысць рэзідэнтаў Расіі і Беларусі па аперацыях з таварамі вайсковага прызначэння і двайнога выкарыстання. Забараняецца перадача рэзідэнтам і рэзідэнтамі Расіі і Беларусі тэхналогій, правоў на аб’екты права інтэлектуальнай уласнасці, а таксама ажыццяўленне рэзідэнтамі гэтых краін дзеянняў, звязаных з абаронай правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, акрамя дзеянняў па працягу тэрміну дзеяння правоў інтэлектуальнай уласнасці і падаўжэння тэрміну дзеяння ахоўных дакументаў.
Рашэнне ўводзіць забарону на рэгістрацыю і акрэдытацыю арганізацый калектыўнага кіравання, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца рэзідэнты Расіі і Беларусі. Спыняецца дзеянне сумесных і прамысловых праграм у сферы бяспекі і абароны адносна тавараў вайсковага прызначэння і двайнога выкарыстання, а таксама ўводзіцца забарона на ажыццяўленне інвестыцый з удзелам рэзідэнтаў РФ і/або Беларусі ў адносінах да юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць дзейнасць па вытворчасці, міжнароднай перадачы тавараў вайсковага прызначэння і двайнога выкарыстання, у тым ліку тых, што праводзяцца з прыцягненнем рэзідэнтаў іншых краін.
Нагадваем, рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымаў расійскую ваенную агрэсію супраць Украіны. За гэта Украіна выйшла з шэрагу міжнародных пагадненняў з Рэспублікай Беларусь і ўвяла супраць яе санкцыі. Пры гэтым украінскія афіцыйныя асобы неаднаразова гаварылі аб неабходнасці пакідаць пэўную прастору на перамовы з Беларуссю.
аз