Беларуская Служба

Вярхоўны суд вызваліў Таццяну Пыцько з-за кратаў, а відэааператару Вячаславу Лазараву зменшыў тэрмін пакарання

22.11.2023 18:45
Віцебскага відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава і яго жонку Таццяну Пыцько асудзілі за супрацу з тэлеканалам «Белсат».
   i a
Вячаслаў Лазараў i Таццянa ПыцькоFoto: baj.media

Вярхоўны суд вызваліў Таццяну Пыцько з-за кратаў, а відэааператару Вячаславу Лазараву зменшыў тэрмін пакарання. Апеляцыйныя скаргі на прысуд Віцебскага абласнога суда ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Вярхоўнага суда Юрый Руткоўскі. Ён перакваліфікаваў склад злачынства, паводле якога асудзілі сужэнцаў. Новы вырак ім вынесены паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, паведамляе БАЖ.

Паводле азначэння калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда, Вячаслаў Лазараў мае адбыць 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Раней суд першай інстанцыі прыгаварыў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым паводле ч. 2 і ч.1 арт. 361-4 КК – спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці.

Таццяну Пыцько суддзя абласнога суда Яўген Буруноў раней звінаваціў паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім), а вынікам звароту з апеляцыйнай скаргай стала вызваленне з-пад варты.Вярхоўны суд прысудзіў ёй тое самае пакаранне – тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Таццяну Пыцько мусяць вызваліць з віцебскага СІЗА, дзе яна правяла амаль паўгода, калі адміністрацыя ўстановы атрымае адпаведныя дакументы па пошце пра сённяшняе рашэнне Вярхоўнага суда.

Віцебскага відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава і яго жонку Таццяну Пыцько асудзілі па абвінавачанні ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», прызнаным беларускімі ўладамі экстрэмісцкім фармаваннем: Вячаслава за відэаматэрыялы, паказаныя на тэлеканале, Таццяну за тое, што дапамагала мужу падчас здымкаў.

Працэс у абласным судзе таксама быў закрыты, таму складана меркаваць, на якіх фактах базуецца абвінавачанне. Вырак Віцебскага абласнога суда прагучаў 25 верасня гэтага года. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала сужэнцаў палітычнымі вязнямі.

аз

Была затрыманая выкладчыца Інстытута бізнесу БДУ

22.11.2023 13:51
У якім статусе жанчына і па якім артыкуле яе затрымалі, пакуль невядома.