Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская наведае з візітамі Германію і Латвію

23.11.2023 18:35
Ціханоўская плануе абмеркаваць праблемы беларусаў у Латвіі, пытанні выдачы візаў і мабільнасці для беларусаў, а таксама адмежавання беларусаў ад расіян і рэжыму Лукашэнкі.
Святлана Ціханоўскаяtsikhanouskaya.org

Абраная прэзідэнт Беларусі Святлана Ціханоўская ў бліжэйшы час здзейсніць візіты ў Германію і Латвію.

У Офісе Святланы Ціханоўскай паведамілі, што 25 лістапада яна наведае ў Карлсруэ з’езд нямецкай партыі «Саюз 90/Зялёныя», якая ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю Германіі. Ціханоўская выступіць з прамовай, а таксама сустрэнецца з кіраўніцтвам партыі, віцэ-канцлерам Робертам Габэкам, міністрам замежных справаў Германіі Аналенай Бербак і дэпутатамі Бундэстагу, у тым ліку з лідарам парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Робінам Вагенерам.

На сустрэчах і ў сваёй прамове Ціханоўская плануе закрануць пытанні імплементацыі рэзалюцыі Бундэстагу, візаў і мабільнасці для беларусаў, еўрапейскай будучыні Беларусі, «зялёнай» эканомікі і ўстойлівага развіцця Беларусі, а таксама распаўсюджвання ядзернай зброі.

У сваю чаргу 27 і 28 лістапада Святлана Ціханоўская наведае Рыгу з афіцыйным візітам. У Латвіі нядаўна змяніўся ўрад, таму адной з мэтаў візіту будзе стварэнне новых сувязяў і ўмацаванне старых. Дэмакратычная лідар сустрэнецца з прэзідэнтам Латвіі, прэм'ер-міністрам, спікерам парламенту, міністрам замежных справаў, мэрам Рыгі і групай «За дэмакратычную Беларусь» у латвійскім Сейме.

Ціханоўская плануе абмеркаваць праблемы беларусаў у Латвіі, пытанні выдачы візаў і мабільнасці для беларусаў, а таксама адмежавання беларусаў ад расіян і рэжыму Лукашэнкі, паведамляе «Белсат».

вс