Беларуская Служба

Макраэканамічныя вынікі кастрычніка: прамысловасць, гандаль і будоўля растуць, але ў IT і сельскай гаспадарцы ўсё дрэнна

24.11.2023 14:23
Белстат апублікаваў звесткі аб стане эканомікі ў кастрычніку 2023 года. Карціна складаецца ў цэлым станоўчая, але ёсць нюансы. Галоўная падзея – рост эканомікі на 3,8 працэнта па выніках дзесяці месяцаў. Гэта значыць, што паказчык дасягнуў планкі, якую ставіў перад сабой урад на 2023 год.
МТЗWikipedia

Уздым эканомікі Беларусі на 3,8% хавае стракатую карціну росту адных галін і падзенні іншых. Эканоміка ўсё яшчэ адчувае на сабе шокі палітычнага крызісу 2020 года і вайсковай агрэсіі Расіі. Таму нават пра аднаўленчы рост можна казаць вельмі абмежавана, пішуць аўтары праекту «Вашы грошы».

Горназдабываючая прамысловасць па выніках кастрычніка застаецца ў зоне росту. Цяпер гэта 4,5% да студзеня-кастрычніка 2022 года. Гэта адзіная сфера беларускай эканомікі, якая можа пахваліцца вельмі спрыяльнай дынамікай росту за апошнія гады. Аднак праблема ў тым, што гэты рост мае вельмі абмежаваны ўплыў на ўсю эканоміку, таму што доля сферы горназдабываючай прамысловасці складае толькі 0,6% ВУП.

Будаўнічая сфера Беларусі «хварэе» на працягу апошніх гадоў. Толькі за мінулы год сфера скарацілася на 11,4% і страціла каля 10 тысяч спецыялістаў. Аднак, менавіта на будаўніцтва зрабіў стаўку ўрад у гэтым годзе, задумаўшы запуск новага інвестыцыйнага цыклу. Крыніцы росту – сродкі бюджэту і расійскія крэдыты. Гэта значыць, у канчатковым выніку, сродкі беларускіх падаткаплацельшчыкаў.

Накачка грашыма эканомікі дала свой плён. Рост заработных платаў і падтрымка прадпрыемстваў разагналі сферу гандлю да тэмпаў росту 12,3 працэнта ў студзені-кастрычніку 2023 года да студзеня-кастрычніка 2022 года. Пэўную ролю ў гэтым адыгрывае працяг адміністрацыйнага ціску на кошты. Рост заробкаў пры стрымліванні коштаў заканамерна вядзе да росту пакупальніцкага попыту. Для бізнесу пакуль ёсць даступныя стаўкі па крэдытах, і пэўныя сегменты рынку нядрэнна гэтым карыстаюцца, працуючы або на расійскі рынак напрамую, або арганізуючы пастаўкі санкцыйнай прадукцыі заходніх краін у Расію праз беларускі рынак. Такі рост нельга назваць ні ўстойлівым, ні здаровым. Ягоны ўплыў на агульнае паляпшэнне эканамічнага становішча ў краіне вельмі абмежаваны.

Сфера транспарту за студзень-кастрычнік 2023 года засталася ў зоне спаду. Аднак яго велічыня скарацілася да 2,1% да аналагічнага леташняга перыяду. Месяцам раней спад быў 2, 8%, а ў пачатку года дасягаў 19, 6%. Нягледзячы на спробы дыверсіфікацыі рынкаў і пабудовы новых лагістычных маршрутаў, транспартная сфера, па-першае, застаецца ў відавочным крызісе, а па-другое, усё больш становіцца ці не самай сакрэтнай. Невядома, куды, як і па чым зараз дастаўляюць айчынныя тавары, як пры транспарціроўцы яны перастаюць быць для іншых удзельнікаў рынку беларускімі для далейшай рэалізацыі за мяжой. Усё гэта штурхае цэлую сферу нацыянальнай эканомікі ў разрад шэрых зон.

Сфера сельскай гаспадаркі па выніках 10 месяцаў працягнула заставацца ў зоне спаду, які на дадзены момант складае 0,5%. Зрэшты, у верасні сітуацыя была горшая (-2%). Аграрыі вінавацяць у гэтым ніжэйшы ўраджай, чым быў летась. Але, як бы там ні было, сфера ўжо трэці месяц запар адносіцца да ліку тых, якія цягнуць ВУП Беларусі ўніз. У лепшым выпадку галіна па выніках года зможа выйсці ў нуль, але больш верагодна тое, што яна стане ў зоне неглыбокага спаду.

ІТ сфера, якая яшчэ нядаўна была драйверам беларускай эканомікі, па выніках дзесяці месяцаў бягучага года ўпала на 14,9 працэнта. Такім чынам, у статыстыцы дабаўленай вартасці гэтай сферы нарастаючым вынікам гэта ўжо 12 месяц у зоне адмоўных значэнняў. Адток кадраў, таксічнасць працы з беларускімі кампаніямі, абцяжараныя разлікі з замежнымі партнёрамі складаюць зараз відавочную частку новай паўсядзённасці IT сферы. І нажаль, пазітыўных навін для хуткага паляпшэння тут не праглядаецца.

вх