Беларуская Служба

BySol у 2022 годзе перадаў рэпрэсаваным каля 2 мільёнаў еўра, – Андрэй Стрыжак

25.11.2023 16:22
Агульная сума ахвяраванняў, якія фонд салідарнасці BySol прыцягнуў ад прыватных і інстытуцыйных донараў для дапамогі рэпрэсаваным у 2022 годзе, склала каля 2 мільёнаў еўра, паведаміў «Позірку» сузаснавальнік арганізацыі Андрэй Стрыжак.
 BYSOL
Лагатып BYSOL .

Паводле яго, цяпер фонд заканчвае выплаты ў рамках марафону салідарнасці «Нам не ўсё роўна!» (BySol даручана размеркаваць 100 тысяч еўра), які прайшоў летам 2023-га, і рыхтуецца да правядзення аўдыту па выкарыстанні гэтых сродкаў.

«У нас засталося каля 13 тысяч еўра, мы закрыем яшчэ 26 заявак, – сказаў Стрыжак. – Мы робім разавыя выплаты вызваленым і цяперашнім палітвязням, а таксама іх сем’ям сумай 500 эўра».

Паводле яго, пасля таго, як зробяць усе выплаты і правядуць аўдыт, BySol пачне разглядаць варыянты для запыту наступнага траншу, бо да іх пастаянна звяртаюцца людзі.

Таксама Андрэй Стрыжак нагадаў пра цяперашні збор у рамках каляднай акцыі «Падорым дзецям цуд!». Паводле яго, збор праводзяць да 9 снежня, на сёння заяўкі падалі ўжо 115 сем’яў палітвязняў, якія выхоўваюць дзяцей, сабрана ўжо больш за 10 тысяч еўра. BySol не купляе падарункі, падкрэсліў Стрыжак: «Лічым, сям’я лепш ведае, што больш трэба дзіцяці: зімовыя чаравікі, вітаміны або сюрпрыз пад елку».

Паводле Стрыжака, фонд таксама працуе з лякальнымі ініцыятывамі, як унутры Беларусі, так і за яе межамі.

«Не так даўно ў нас прайшоў конкурс міні-грантаў. Мы раздалі 50 тысяч еўра на рэалізацыю праектаў беларускай накіраванасці. Цяпер рыхтуем разгорнутую адкрытую справаздачу аб тым, якія заяўкі падалі і якія падтрымалі, і будзем рабіць інфаграфіку», – распавёў сузаснавальнік BySol.

У жніўні Андрэй Стрыжак распавядаў, што ў 2020 годзе BySol разам з ініцыятывай ByHelp сабралі і раздалі каля 8 мільёнаў еўра, а ў 2021-м і 2022-м гадах сярэднегадавы аб’ём данатаў, сабраных BySol, знаходзіўся ў межах 1-1,5 млн еўра.

svaboda.org / вх

BySol з зімы 2021 году эвакуяваў з Беларусі больш як тысячу чалавек, цяпер абвяшчае збор на аднаўленне здароўя былым палітвязням

28.08.2023 14:03
Андрэй Стрыжак падзяліўся з агенцтвам BPN некаторымі вынікамі працы фонду BySol за апошнія тры гады.