Беларуская Служба

Беларускае кіно існуе там, дзе ёсць беларусы

26.11.2023 11:45
У Варшаву завітала беларускае кіно ў рамках фестывалю Bulbamovie. Сёлетняя праграма прысвечана шмат у чым жыццю беларусаў на эміграцыі.
Ілюстрацыйнае фотаY.Likhtarovich Praca własna

З 24 па 26 лістапада, у польскай сталіцы дзявяты раз праходзіць  фестываль беларускага кіно Bulbamovie. У праграме імпрэзы - прагляды беларускіх фільмаў, дыскусіі на актуальныя тэмы, сустрэчы з рэжысёрамі, канцэрты вядомых музыкаў. Фестывальныя мерапрыемствы адбываюцца ў варшаўскім кінатэатры «Iluzjon».

У Варшаве праходзіць Дзявяты фестываль беларускіх фільмаў BULBAMOVIE. Мерапрыемства пачалося паказам апошняга незалежнага фільма беларускай вытворчасці з прамоўнай назвай «Развітанне» рэжысёра Якуба Станкевіча (Prix Europa — намінацыя 2023). У наступныя дні дэманстраваліся стужкі ў рамках «Маладога беларускага кіно», таксама адбылася прэзентацыя праекту «Маладая Еўропа», створанага польскімі дакументалістамі Мірэкам Дэмбіньскім і Яцэкам Блавутам, якія падтрымліваюць маладых кінематаграфістаў з Беларусі і Украіны.

У праграме сёлетняга фестывалю шмат дакументальных стужак, прысвечаных актуальным падзеям. Напрыклад, гісторыя рэпрэсаванай савецкай машынай беларускай сям’і, жыццё беларусаў за мяжой, якія былі вымушаныя з’ехаць з краіны з-за лукашэнкаўскіх рэпрэсій, распавядае арганізатар фестывалю Януш Гаўрылюк.

- Мы паказваем, што нам жыццё дае. Ад пратэснай тэмы мы перайшлі да эміграцыйнай тэмы. Па фільмах, якія прыйшлі на прагляд маладога беларускага кіно, бачна, што шмат фільмаў закранае тэму перажыванняў турботаў жыцця ды самоты на эміграцыі. Гэта новая тэмы, але на жаль, яна не надта вясёлая.

Фестываль завершыцца ў нядзелю 26 лістапада вялікім канцэртам гурта «Takindang & Pukst».

ПР/юл