Беларуская Служба

Старшыня Рады БНР павіншавала беларусаў з Днём Герояў у гадавіну Слуцкага Збройнага Чыну

26.11.2023 17:52
У лістападзе-снежні 1920 года беларусы Случчыны са зброяй у руках выступілі супраць бальшавікоў і паспрабавалі адстаяць беларускую дзяржаўнасць.
    .
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.Фота: Рада БНР

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў з Днём Герояў, які прыпадае на ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну. Яна заявіла сярод іншага:

«Гэтак, як сёння ўкраінскія героі змагаюцца, каб выратаваць свой край ад нападу з Усходу, гэтак і ў 1920 годзе 10 тысячаў случакоў узялі зброю ў рукі, каб бараніць ад расійскай навалы Беларускую Народную Рэспубліку. Ніхто, на жаль, ім не дапамог – не было ў іх нават і зброі для кожнага змагара, але нашыя героі стрымалі ледзь не на месяц бальшавіцкі напад».

Паводле Сурвіллы, беларусы ва ўсім вольным свеце дасюль кожны год адзначаюць гэты гераічны збройны чын сваіх суродзічаў са Случчыны, з удзячнасцю адзначае яго і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, якая кожны год у канцы лістапада ўрачыста прыпамінае герояў і аддае ім павагу.

У лістападзе-снежні 1920 года беларусы Случчыны са зброяй у руках выступілі супраць бальшавікоў і паспрабавалі адстаяць беларускую дзяржаўнасць у форме Беларускай Народнай Рэспублікі. У Слуцку, а таксама ў мястэчках Грозаве і Семежаве сфармаваўся 2-гі Грозаўскі полк з беларускай міліцыі і сялян-добраахвотнікаў. Грозаўскі полк складаўся з 2 батальёнаў. Камандзір палку – капітан Лука Семянюк, намеснік камандзіра палку – капітан Гнароўскі, камандзіры батальёнаў – капітан Антон Самусевіч і штабс-капітан Мацэля.

У 2-м Грозаўскім палку было каля 2 тыс. чалавек. У пачатку Слуцкага паўстання полк займаў фронт у 60 км у нейтральнай зоне савецка-польскай мяжы на поўнач ад лініі фронту 1-га Слуцкага палку і рабіў напады на салдат Чырвонай Арміі.

Радыё Свабода

нг