«Калі Лукашэнка супраць волі нашага народу ўцягнуў нашую краіну ў злачынную вайну Уладзіміра Пуціна супраць Украіны, я сфармавала ўрад у выгнанні – Аб’яднаны пераходны кабінет. Стала відавочна, што дыктатар больш не прадстаўляе беларускі народ. Ён служыць толькі Пуціну. Дэмакратычныя краіны пачалі працаваць з маім кабінетам як з законным прадстаўніком Беларусі. Сярод іх і ЗША – непахісны партнёр нашых дэмакратычных сілаў», – напісала Ціханоўская.
Яна адзначыла, што раней сёлета Дзяржаўны дэпартамент паабяцаў наладзіць «усебаковы стратэгічны дыялог» паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
«Такі дыялог адбудзецца на гэтым тыдні. Гэта можа змяніць гульню ў нашай шматгадовай барацьбе за свабоду. І я спадзяюся, што гэта дасць нам шанец вярнуць нашую краіну да дэмакратыі і вызваліць яе з расейскіх кіпцюроў. Раз і назаўсёды», – заявіла дэмакратычная лідарка Беларусі.
Яна падкрэсліла, што яе прыярытэт № 1 – спыніць паняволенне Беларусі.
«Мы павінны выключыць магчымасць таго, што Беларусь аддадуць Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза, калі будуць адбывацца мірныя перамовы аб Украіне. Мы не павінны дапусціць, каб Беларусь засталася дзе-небудзь у расейскай сферы ўплыву. «"Нічога пра нас без нас" – наш імператыў», – зазначыла яна.
Ціханоўская правяла першыя сустрэчы ў час візіту ў Вашынгтон і заклікала прызначыць спецпрадстаўніка ЗША па Беларусі
«Мы будзем прасіць Злучаныя Штаты ўвесці санкцыі супраць Расіі не толькі за яе ваенныя злачынствы ва Украіне, але і за падрыў беларускага суверэнітэту. Акрамя таго, ЗША павінны падкрэсліць, што ўсе дамоўленасці паміж Лукашэнкам і Расіяй незаконныя. Ён злачынец, а не законны прэзідэнт. Мы таксама просім Злучаныя Штаты прызначыць адмысловага прадстаўніка для Беларусі, каб умацаваць нашае партнёрства. Кангрэс павінен абнавіць Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» – напісала Ціханоўская ў WP.
Яна адзначыла, што дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо абмяркоўваюць стратэгію эканамічных пераўтварэнняў у пераходны перыяд.
«Беларусь павінна быць часткаю плану эканамічнага аднаўлення рэгіёну – у які ўваходзяць Украіна, Малдова, Грузія і нашыя балтыйскія суседзі. Беларусы павінны ведаць, што калі пачнуцца перамены, ЗША працягнуць руку дапамогі» – мяркуе палітык.
Яна адзначыла важнасць падтрымкі ініцыятываў папулярызацыі беларускай мовы, культуры і гісторыі:
«Моцная нацыянальная ідэнтычнасць будзе найлепшай проціатрутай ад так званага «русского мира«», – зазначыла Ціханоўская.
5 снежня ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША пройдуць слуханні па Беларусі. На пытанні амерыканскіх кангрэсменаў будзе адказваць Святлана Ціханоўская.
Падчас слуханняў будуць абмяркоўваць палітыку ЗША па Беларусі, санкцыі ў дачыненні да рэжыму, дапамогу грамадзянскай супольнасці.
svaboda.org/вх