Беларуская Служба

Чыгуначніцу з Оршы пакаралі за «экстрэмізм» у сацыяльных сетках

13.12.2023 16:37
Гэта ўжо другі выпадак сярод супрацоўнікаў станцыі Орша.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

Суд Аршанскага раёна і горада Оршы за падпіску на «экстрэмісцкі» рэсурс пакараў Галіну Капітонаву, якая працуе на чыгуначнай станцыі Орша прыёмшчыкам цягнікоў. Сілавікі знайшлі сярод яе падпісак у сацсеткі «Аднакласнікі» супольнасць «stop luka».

Галіна Капітонава растлумачыла, што падпіска была аформлена ўжо даўно і прызнала сваю віну. Таксама жанчына мае на ўтрыманні непаўналетняе дзіця. Улічваючы гэта, суд выпісаў чыгуначніцы штраф – 925 рублёў.

Гэта ўжо другі ў Оршы выпадак за апошні час, калі за «няправільныя» падпіскі пакаралі чыгуначніка. Калега Галіны Капітонавай Ігар Туранскі, які таксама працуе прыёмшчыкам цягнікоў, атрымаў 15 сутак арышту за падпіскі на незалежныя медыя, якія дзейсныя ўлады аб'явілі «экстрэмісцкімі».

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск