Беларуская Служба

МАК дапусціў да Алімпіяды ў Парыжы 5 нейтральных спартсменаў з Беларусі

14.12.2023 09:26
У спартыўнай арганізацыі не ўдакладнілі, у якіх відах спорту яны будуць прадстаўляць рэспубліку.
.
.фота: Pixabay.com/anncapictures

Міжнародны алімпійскі камітэт абнародаваў інфармацыю адносна дапушчаных на Алімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы нейтральных спартсменаў з Беларусі, адпаведныя даныя былі размешчаны на сайце МАК.

Цяпер такіх атлетаў пяць, тады як раней паведамлялася, што на алімпіяду паедуць трое беларусаў.

«Сярод 4600 спартсменаў, якія на гэты момант прайшлі кваліфікацыю, ёсць 11 індывідуальных нейтральных спартсменаў (пяць з беларускім пашпартам, шэсць – з расійскім)», – гаворыцца ў паведамленні МАК.

Пры гэтым у арганізацыі не ўдакладняюць, у якіх менавіта відах спорту беларусы будуць прадстаўляць рэспубліку.

Нагадаем, у пятніцу 8 снежня Міжнародны алімпійскі камітэт праінфармаваў, што атлеты з Беларусі і Расіі дапушчаны да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях 2024 года, якія пройдуць у Парыжы. У Францыю змогуць прыехаць спартсмены, якія кваліфікаваліся ў сваіх відах спорту, выступаць яны будуць у нейтральным статуце. Акрамя таго, МАК прадугледзеў яшчэ некалькі ўмоў, у тым ліку забарону дэманстрацыі дзяржаўнай сімволікі Беларусі і РФ і наведванне алімпіяды іх дзяржаўнымі чыноўнікамі.

XXXIII Алімпійскія гульні 2024 года запланаваны ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня.

ав/sputnik.by