Беларуская Служба

Слуцкі хлебазавод пасля пяці гадоў барацьбы зняў з вытворчасці хлеб «Бульбаш»

16.12.2023 17:15
Упершыню на этыкетках прадукцыі з'явілася беларуская мова. 
 .
Слуцкі хлебазавод.Фота: Беларусь галаўнога мозга

Пра гэта распавёў вядомы актывіст Ігар Случак. Гісторыя яго перапісак з хлебазаводам пачалася яшчэ ў 2018 годзе. Але здалося прадпрыемства толькі зараз.

Упершыню на этыкетках прадукцыі з'явілася беларуская мова. А хлеб з назвай «Бульбаш» знік з асартыменту.
Ігар Случак апісаў сваю гісторыю барацьбы з хлебазаводам:

«Хлеб «Бульбаш» выпускаўся Слуцкім хлебазаводам з 2007 году і па словах самога завода лічыўся яго ці не галоўным брэндам, які перамагаў на розных конкурсах.

У 2018 годзе мы пачалі кампанію «Стоп Бульбаш» як супраць самога абразлівага слова бульбаш, так і супраць літары Ъ, на беларускіх шыльдах і этыкетках.

Менавіта супраць хлеба мы тады збіралі подпісы случакоў і падавалі калектыўны зварот. Тады хлебазавод ад меркавання людзей адмахнуўся і прыбіраць абразлівую назву з пакунка хлеба не стаў.

Але мы не пакінулі гэтую справу і працягвалі не толькі выбіваць бульбаша з асартыменту завода, але і беларусізаваць Слуцкі хлебазавод – беларускай мовы на яго этыкетках не было.

І вось прайшло 5 год, заканчваецца 2023 год і мы маем калядныя падарункі – беларуская мова на новых відах прадукцыі Слуцкага хлебазавода зʼяўляецца ці не кожны квартал, а хлеб «Бульбаш» нарэшце зняты з вытворчасці.
Вялікая, доўгая і нецікавая праца, але вынік апраўдвае ўсё – абаронена беларуская мова і нацыянальная годнасць беларусаў».

Facebook Ігар Случак

нг