Беларуская Служба

Былых намеснікаў гендырэктараў БелАЗ і МТЗ разам з падначаленымі асудзілі за хабар

29.12.2023 12:46
Яны атрымалі да 12 гадоў зняволення.
 .   .
Ілюстрацыйны здымак. Мінскі трактарны завод.Фота: sputnik.by

Былых першага намесніка генеральнага дырэктара ААТ «БелАЗ» Алега Сцепука і намесніка генеральнага дырэктара ААТ «МТЗ» Сяргея Сіраценку, а таксама іншых службовых асоб названых прадпрыемстваў абвінавацілі ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры, у тым ліку групай асоб па папярэдняй змове, гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.

Згодна з рашэннем суду Фрунзенскага раёну Мінска, Сцепука прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 430 КК і прызначылі 11 гадоў зняволення з пазбаўленнем права займаць кіроўныя пасады на 5 гадоў.

На той жа тэрмін паводле адпаведнага артыкулу асудзілі і Сіраценку. Яму таксама прызначылі дадатковыя пакаранні ў выглядзе штрафу ў памеры 2500 базавых велічынь (92,5 тыс. рублёў) і пазбаўлення права займаць кіроўныя пасады на 5 гадоў.

Іншым службовым асобам прадпрыемстваў суд прызначыў пакаранне ад 7 да 12 гадоў зняволення са штрафам у памеры ад 1000 (37 тыс. рублёў) да 2000 (74 тыс. рублёў) базавых велічынь з пазбаўленнем права займаць кіроўныя пасады на 5 гадоў.

Маёмасць абвінавачаных, на якую раней быў накладзены арышт, пакінутая пад арыштам у лік забеспячэння выканання прысуду ў частцы маёмасных спагнанняў.

Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Крыніца: Радыё Свабода

нг