Беларуская Служба

Улады пазбавілі БАЖ даменнага імя і пошты

03.01.2024 12:20
БАЖ паведамляе, што арганізацыя пазбаўленая магчымасці кантраляваць сайт Baj.by і любыя электронныя скрыні ў дамене @baj.by.
Беларуская асацыяцыя журналістаў baj.by/скрыншот

Нібыта ў сувязі з выяўленымі парушэннямі 3 студзеня Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Беларусі забраў у Беларускай асацыяцыі журналістаў даменнае імя Baj.by. Зараз пры адкрыцці сайта з'яўляецца адпаведная заглушка.

Арганізацыя лічыць гэта найгрубейшым парушэннем права на ўласнасць, чарговым наступам на свабоду слова і звяртаецца ў Міжнародную Карпарацыю па кіраванні даменнымі імёнамі (ICANN).

«У пазбаўленні даменнага імя мы бачым нішто іншае, як рабаўніцтва. Акрамя абуральнага факту парушэння права на свабоду выказвання, беларускія ўлады парушылі яшчэ адно фундаментальнаe права – права на ўласнасць(…) Захопніцкія дзеянні ўладаў парушаюць сусветныя правілы адміністравання даменаў, таму БАЖ праінфармуе ICANN – Міжнародную Карпарацыю па кіраванні даменнымі імёнамі – і будзе разлічваць на адпаведную ацэнку інцыдэнту на сусветным узроўні», – пракаментараваў сітуацыю намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік інфармацыйнага аддзела Барыс Гарэцкі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама паведамляе, што ад сёння яна пазбаўленая магчымасці кантраляваць сайт Baj.by і любыя электронныя скрыні ў дамене @baj.by. БАЖ просіць не заходзіць на стары сайт, не пісаць і не адказваць на любыя электронныя паведамленні з электронных скрыняў @baj.by, паколькі невядома, з якой мэтай улады могуць яго далей выкарыстоўваць.

Адначасова арганізацыя паведамляе, што рыхтавалася да такой сітуацыі яшчэ з траўня 2023 года і ўжо тады пераехала на новы міжнародны дамен Baj.media. Асноўная паштовая скрыня арганізацыі і рэдакцыі сайта: office@baj.media. Адрас для міжнародных кантактаў: intercomm@baj.media

Нагадаем, што 29 снежня ў Беларусі анулявалі даменнае імя TUT.by, а таксама звязаныя з парталам дамены afisha.by, jenny.by, newstut.by, rebenok.by, tutby.by.

аз