У спісе патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты значацца толькі кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Сярод іх чатыры члены Беларускай партыі «Белая Русь», адзін член Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, астатнія дзесяць – гэта беспартыйныя. З прэтэндэнтаў на заканадаўчае месца толькі трое – дзеючыя дэпутаты парламента: Віктар Нікалайкін, Дзяніс Карась і Святлана Адзінцова.
Сенсацыяй выбарчай кампаніі стала рэгістрацыя ініцыятыўнай групы палкоўніка цік-токера Руслана Шкодзіна, які займае пасаду ваеннага камісара Віцебскай вобласці. Улады максімальна імкнуцца, каб выбарчая кампанія – 2024 прайшла ва ўмовах татальнага і поўнага кантролю. Узровень рэпрэсій у Беларусі зашкальвае, палітычныя пераследы працягваюцца, а кожную актыўнасць, падобную на грамадзянскую, рэжым Лукашэнкі душыць.
Дэпутаты ўсіх узроўняў не ўспрымаюцца ўладамі як «прадстаўнікі» насельніцтва (хай нават фармальныя). Дэпутаты – гэта «прызначэнцы», прадстаўнікі вертыкалі ўлады, якія павінны здымаць «магчымыя кропкі сацыяльнай напругі» і «тлумачыць прыярытэты і вартасці беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі». Ёсць усе шанцы, што выбарцы Віцебскай вобласці ўбачаць у бюлетэнях прозвішча толькі аднаго кандыдата – улады нават не імкнуцца імітаваць свабоду выбару, праводзячы выбары ў парламент на безальтэрнатыўнай аснове.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск