Беларуская Служба

У Беларусі Новы год за кратамі сустрэлі як мінімум 1430 палітвязняў

05.01.2024 09:17
Праваабарончы цэнтр «Вясна» у лічбах распавёў пра сітуацыю з палітвязнямі за 2023 год.
Ілюстрацыйнае фотаhttps://t.me/viasna96

Больш чым за тры з паловай гады з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года ў Беларусі не спыніліся рэпрэсіі, наадварот — сітуацыя крытычна пагоршылася. Кожны дзень па ўсёй краіне працягваюцца адвольныя затрыманні.

Ператрусы, праверкі тэлефонаў, жорсткае абыходжанне пасля затрымання, жудасныя ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення, збіванні і катаванні сталі штодзённай рэчаіснасцю беларусаў. Наўпрост цяпер у зняволенні ўтрымліваюцца не менш за 1 430 палітзняволеных. Сярод іх — шматдзетныя маці, пенсіянеры, студэнты, лекары, праваабаронцы, журналісты, настаўнікі і іншыя прадстаўнікі беларускага грамадства.

Большасць сярод палітвязняў у Беларусі - гэта мужчыны, паводле падлікаў праваабаронцаў - 1263 чалавекі. Вядома пра 167 жанчын-палітвязняў.

На канец 2023 года сярод палітвязняў налічвалася не менш за 27 сем'яў, якія былі пазбаўлены волі ці знаходзіліся пад следствам у СІЗА. За кратамі знаходзяцца як муж і жонка, так і дзеці разам з бацькамі.

Па стане на снежань 2023 года ў краіне налічвалася дзевяць палітвязняў, якія сустрэлі 18-годдзе за кратамі.

Сярод палітвязняў не менш за 48 пенсіянераў і пенсіянерак - у два разы больш, чым у 2022 годзе.

У нечалавечых умовах зняволення знаходзяцца мінімум 42 чалавекі з інваліднасцю. Не менш за 8 палітвязняў хварэюць на анкалогію.

З моманту першых прысудаў па палітычна матываваных крымінальных справах цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю не менш за 745 палітвязняў.

Крыніца: ПЦ  «Вясна»