5 студзеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», паведаміла «Вясна».
Сярод іншых, у спіс дадалі асуджанага да 10 гадоў калоніі Ягора Міхайлава, затрыманага пасля вяртання ў Беларусь Георгія Чараваку, асуджанага за данаты Аляксея Арлова.
Цяпер у згаданым спісе – 3 664 прозвішчы.
Акрамя таго стала вядома пра тое, што «экстрэмісцкімі» прызнаныя сацсеткі ксяндза Вячаслава Барока. Гаворка пра Youtube-канал, Facebook-старонку і Telegram-канал святара. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Чыгуначнага раёнa Віцебска 26 снежня.
«Экстрэмісцкімі» прызнаныя таксама: Сайт і сацсеткі ініцыятывы «Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой», а таксама выдання «Новы час»; Telegram-каналы і чаты «Чат Беларусы в Тбилиси», «Забастовка. Школьники/Студенты/Преподаватели», «СНАТ БЛАГОДІЙНИЙ ФОНД ХЕЛЕН МІНСЬКОЇ», «Твои возможности», «Маладая Грамада», «Чечерск», Старонка ў «Аднакласніках» «МИКАШЕВИЧИ И МЫ»; TikTok-старонкі «president.sveta», «belarus_sergej», «anti-communist», «annakanius», «lukashenko_yxadi», «honestpeopleby», tokbelarus».
Улады прызналі «экстрэмісцкай» і антысеміцкую кнігу: «Нет плохих народов», выдадзеную ў Мінску ў 2004 годзе ЗАТ «Праваслаўная ініцыятыва». Адзначым, што больш познюю рэдакцыю кнігі (2007 год), выдадзеную ЗАТ «Праваслаўная ініцыятыва», прызнавалі ў Беларусі «экстрэмісцкай» яшчэ ў 2008 годзе.
аз