«Ордэн Маці – толькі для ўзорных беларусак», – паведамляе дзяржаўнае агенцтва «Мінск-Навіны». З 6 студзеня набываюць моц папраўкі ў закон «Аб змяненні законаў», якія былі прынятыя ў лістападзе мінулага года.
Згодна з імі, больш жорсткімі становяцца патрабаванні да судзімасцяў шматдзетнай маці, паведамляе «Свабода».
«Калі раней ордэнам нельга было ўганараваць тых, хто меў судзімасць, не беручы да ўвагі знятую альбо пагашаную, то цяпер будзе ўлічвацца любая, нават даўно пагашаная. Мінулы варыянт закона дазваляў даваць ордэн маці, якія два ці болей разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку і паводле некаторых іншых артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП), калі тэрмін пакарання выйшаў, але цяпер тэрмін ролі не грае», – паведамляе дзяржаўнае агенцтва.
У беларускіх пратэстах актыўна ўдзельнічалі шматдзетныя жанчыны. Правабарончаму цэнтру «Вясна» вядома як мінімум пра чатырох шматдзетных маці, якія па выніках пратэстаў апынуліся за кратамі ў крымінальных справах.
Вядомыя таксама выпадкі пакарання шматдзетных маці ў палітычна матываваных адміністрацыйных справах.
аз