Санаторый «Беларусь» у Друскеніках пару тыдняў працуе без кіраўніка, бо галоўнаму ўрачу ўстановы, грамадзяніну Беларусі Іллю Епіфанаву анулявалі від на жыхарства ў Літве.
Дэпартамент міграцыі МУС Літвы сцвярджае, што Епіфанаў уяўляе пагрозу бяспецы краіны, паведамляе Hrodna.life са спасылкай на 15min.lt.
Паводле інфармацыі выдання, кіраўніка санаторыя не пусцілі ў Літву ў снежні, перад Калядамі. Зараз, паводле адміністрацыi ўстановы, галоўны ўрач знаходзіцца ў адпачынку на тэрыторыі Беларусі.
Нагадваем, 8 кастрычніка 2023 года ў эфіры канала СТБ Епіфанаў скардзіўся, што за апошнія два гады з санаторыя звольнілі каля 200 супрацоўнікаў. Паводле яго скарачэнне – гэта вынік змяншэння колькасці адпачываючых з Беларусі. Прычына ў тым, што Літва фактычнага спыніла выдачу літоўскіх віз пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны.
Да 2020 года санаторый «Беларусь» у Друскеніках належаў Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленню справамі прэзідэнта. У 2020 годзе з-за санкцый ЕС у дачыненні да Упраўлення былі заблакаваныя рахункі санаторыя. Працу ўдалося аднавіць толькі пасля таго, як з Упраўлення справамі прэзідэнта сышоў, уключаны ў санкцыйны спіс, Віктар Шэйман.
У 2021 годзе ўрад Беларусі перадаў санаторый Рэспубліканскаму цэнтру па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.
аз