Беларуская Служба

Спецкамісія ЗША: Сітуацыя са свабодай рэлігіі ў Беларусі рэгрэсуе

07.01.2024 16:03
USCIRF крытыкуе папраўкі, якія абвастраюць умовы для дзейнасці рэлігійных арганізацый у Беларусі.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сітуацыя са свабодай рэлігіі ў Беларусі рэгрэсуе, гаворыцца ў заяве Камісіі ЗША па міжнароднай рэлігійнай свабодзе (USCIRF) у сувязі з тым, што 3 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў папраўкі ў законы па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый, паведамляе «Свабода».

USCIRF канстатуе, што папраўкі «захоўваюць найбольш рэгрэсіўныя палажэнні прынятага ў 2002 годзе закона аб рэлігіі і накладваюць яшчэ больш неабгрунтаваных абмежаванняў на рэлігійныя супольнасці».

«Замест таго каб адмяніць празмерна абмежавальны закон аб рэлігіі, што прыняты больш за два дзесяцігоддзі таму і не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, беларускія службовыя асобы з падвойнай стараннасцю прынялі яшчэ больш рэпрэсіўны закон аб рэлігіі, які надзяляе ўлады неабмежаваным кантролем над рэлігійнымі супольнасцямі і іх справамі», – заявіў кіраўнік камісіі Абрахам Купер.

Паводле яго, супольнасці «апынуцца перад складаным выбарам: вызнаваць сваю рэлігію або перакананні «незаконна« або падпарадкавацца жорсткаму рэжыму, які без разбору ўжывае сілу і запалохвае ўласны народ».

У заяве адзначана, што пасля пратэстаў 2020 года ўлады «паспрабавалі ліквідаваць незалежную грамадзянскую супольнасць і падпарадкаваць усе аспекты грамадскага жыцця дзяржаўнаму кантролю і нагляду».

Абноўлены закон аб рэлігіі «выстаўляе строгія, цяжкія патрабаванні да рэлігійных супольнасцяў і ўтрымлівае расплывістыя забароны, якія, верагодна, абмяжуюць мірнае выказванне рэлігійных перакананняў».

«Закон патрабуе ад рэлігійных супольнасцяў прайсці перарэгістрацыю на працягу года, што, як чакаецца, прывядзе да пазбаўлення рэгістрацыі дзясяткаў невялікіх рэлігійных супольнасцяў, як гэта было пасля набыцця моцы законам аб рэлігіі 2002 года», – звяртае ўвагу USCIRF.

Намеснік кіраўніка камісіі Фрэдэрык А. Дэві заклікаў адміністрацыю прэзідэнта Джо Байдэна і Кангрэс «надаваць прыярытэтную ўвагу свабодзе веравызнання ў рамках намаганняў урада ЗША па прыцягненні Беларусі да адказнасці за грубыя парушэнні правоў чалавека».

USCIRF – самастойны кансультатыўны орган урада ЗША, створаны Кангрэсам на двухпартыйнай аснове. Праводзіць маніторынг захавання свабоды рэлігіі ва ўсім свеце і распрацоўвае палітычныя рэкамендацыі для прэзідэнта, дзяржсакратара і Кангрэса.

аз