У «экстрэмісцкія матэрыялы» трапілі Youtube-канал «Ксёндз Барок», Telegram-канал «Ксёндз Барок» і асабістая старонка Вячаслава Барка у сетцы Facebook. Адпаведнае рашэнне прыняў суд Чыгуначнага раёна Віцебска. Сацыяльныя сеткі Вячаслава Барка яшчэ ў 2020 сталі аб’ектам пільнай увагі, што прывяло да адміністрацыйнай справы. Тады Вячаслаў Барок атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту за публікацыю ў сябе на старонцы плаката Уладзіміра Цэслера «Стоп лукашызм». Улады расцанілі публікацыю як прапаганду нацысткай сімволікі.
Напрыканцы 2020 года Следчы камітэт ініцыяваў праверку выказванняў ксяндза ў ягоным відэаблогу. Было прызначана 11 адмысловых экспертыз. Сам Вячаслаў Барок неаднаразова падкрэсліваў, што вядзе свой відэаблог дзеля папулярызацыі Божага слова і дзеля хрысціянскага і патрыятычнага выхавання сваіх землякоў.
У 2021 годзе ксёндз Вячаслаў быў вымушаны выехаць у Польшчу ў сувязі з пераследам, якому падвяргаўся ў Беларусі. Цяпер ён – кіраўнік Беларускай каталіцкай грамады ў Варшаве, якая дзейнічае пры касцёле Святога Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск