Беларуская Служба

У Маскве за дыверсію на чыгунцы судзяць двух беларусаў. Ім пагражае да 20 гадоў турмы

09.01.2024 13:17
Кірыл Басько і Арцём Брэскі адразу прызналі сваю віну і пачалі актыўна супрацоўнічаць са следствам, перадае адвакат беларусаў.
Расійская чыгунка Shutterstock.com/domena publiczna/Serjio74

У Маскоўскім абласным судзе пачаўся разгляд справы ў дачыненні двух беларусаў, якіх абвінавачваюць у дыверсіі ў чыгуначным дэпо Арэхава-Зуева, – паведамляе «Белсат». 19-гадоваму Кірылу Басько і 20-гадоваму Арцёму Брэскаму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле абвінавачання, 22 снежня 2022 года беларусы падпалілі кабіну электравоза ВЛ10 на заданне СБУ, атрыманае імі ад нейкага Юрыя ў адным з тэлеграм-каналаў. Гэты Юрый нібыта прапанаваў маладзёнам грошы за пашкоджанне лакаматыва ці чыгуначных пуцей. Каб атрымаць аплату, трэба было паказаць відэазапіс акцыі.

У матэрыялах справы сцвярджаецца, што маладзёны надумалі падпаліць электравоз, дзеля чаго запасліся каністраю з бензінам. Яны прабраліся на тэрыторыю дэпо, аблілі электравоз бензінам і паспрабавалі падпаліць, але не здолелі. Тады яны ўварваліся ў кабіну машыністаў і разлілі ды падпалілі бензін там – гэта зрабіць удалося. Абвінавачаныя запісалі свае дзеянні на відэа, скінулі яго замоўцы, пасля чаго той пералічыў ім грошы.

Бок абвінавачання сцвярджае, што хлопцы рыхтавалі яшчэ нейкія акцыі, бо набылі дадаткова дзве каністры з бензінам, якія знайшла прыбіральніца ў гостэле, дзе яны жылі. Жанчына паведаміла пра знаходку гаспадарам гостэлу, а тыя – у паліцыю, пасля чаго беларусаў затрымалі на станцыі Масква-Курская.

Спачатку маладзёнам выставілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 167 КК РФ («Наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці шляхам падпалу, якое пацягнула цяжкія наступствы»), а Арэхава-Зуеўскі гарадскі суд Маскоўскай вобласці накіраваў іх па хадайніцтве следчага ў СІЗА. Аднак калі следства высветліла, што фігуранты дзеялі на заданне СБУ, расследаваннем заняліся супрацоўнікі следчага ўпраўлення УФСБ у Маскве і Маскоўскай вобласці.

Абвінавачванне перакваліфікавалі паводле пунктаў «а» і «б» ч. 2 арт. 281 КК РФ («Дыверсія, якую здзейсніла група асобаў паводле папярэдняй змовы і якая прычыніла значную маёмасную шкоду»). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ад 12 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Кірыл Басько і Арцём Брэскі адразу прызналі сваю віну і пачалі актыўна супрацоўнічаць са следствам, перадае адвакат беларусаў.

 эж