За 2023 год з палітычным адміністрацыйным пераследам сутыкнуліся не менш за 6 тыс. 386 чалавек, з якіх амаль 4 тыс. 500 трапілі пад суд, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Найбольшую колькасць рэпрэсій праваабаронцы зафіксавалі ў Мінску і Мінскай вобласці – 1 тыс. 535 чалавек. Наступнымі ідуць Гомельская і Гродзенская вобласці – 1 тыс. 345 і 1 тыс. 23 чалавекі.
Летась па ўсёй краіне адбылося як мінімум 4 тыс. 466 судоў паводле «палітычных» артыкулаў. Беларускі рэжым прызначыў не менш за 1 тыс. 822 штрафы на агульную суму ў 1 млн. 524 тыс. 492 рублі і мінімум 2 тыс. 5 арыштаў.
«Вясна» падкрэслівае, што арыштаваных па адміністрацыйных справах па-ранейшаму ўтрымліваюць у ізалятарах у нечалавечых умовах. Людзям не выдаюць сродкі гігіены, зменнага адзення, пасцельнай бялізны, не выводзяць у душ і на свежае паветра. У такіх умовах некаторых арыштаваных утрымліваюць па некалькі месяцаў.
Пры гэтым камеры ўвесь гэты час застаюцца перапоўненымі, з-за чаго людзі вымушаны спаць на падлозе, пад ложкамі, на лаўцы і нават на стале. У якасці дадатковага ціску ў камеры падсаджваюць бяздомных людзей. Ноччу і днём бесперапынна гарыць святло.
Для затрыманых не прымаюць перадач са зменнай бялізнай, сродкамі гігіены і лекамі, а мыла і туалетную паперу ім прыходзіцца часам выпрошваць у адміністрацыі па некалькі дзён. Цёплай вады ў камерах звычайна няма, а тую, якая цячэ з крана, не рэкамендуецца піць.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што рэальныя масштабы рэпрэсіяў могуць быць значна большымі, бо праз запалоханасць грамадства людзі не заўсёды хочуць распавядаць пра пераслед.
вс