Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch у сваёй сусветнай справаздачы адзначыла, што цягам усяго 2023 году ўлады Беларусі «масава і сістэмна душылі іншадумства і перашкаджалі распаўсюджванню інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека.
«Летась улады Беларусі падвоілі свае намаганні ў стварэнні інфармацыйнага вакууму вакол рэпрэсій, якія не паслабляюцца, адразаючы палітвязняў ад вонкавага свету і прымушаючы адвакатаў і сваякоў да маўчання. Шырокамаштабныя рэпрэсіі адбываюцца на фоне вакууму інфармацыі, які павялічваецца», – пракаментавала сітуацыю ў Беларусі Анастасія Круопе, малодшая даследніца Human Rights Watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
У справаздачы адзначаецца, што мішэнню для пераследу былі праваабаронцы, журналісты, адвакаты, дзеячы культуры, прафсаюзныя лідары і іншыя актывісты, якіх урад лічыў нязгоднымі з афіцыйнай палітыкай. У пачатку лістападу, паводле звестак беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна», сама меней 1462 чалавекі знаходзіліся ў турмах праз палітычныя абвінавачанні.
У справаздачы асобна звярнулі ўвагу на тое, што ўлады працягваюць трымаць у ізаляцыі Марыю Калеснікаву, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Мікалая Статкевіча і іншых вядомых палітвязняў, якія пазбаўленыя кантактаў з сем’ямі і адвакатамі. Летась сама меней два палітвязні памерлі ў калоніі ў выніку недастатковай медычнай дапамогі.
Праваабарончая дзейнасць у Беларусі застаецца фактычна па-за законам і ніводнай праваабарончай арганізацыі не ўдалося афіцыйна зарэгістравацца. У чэрвені Мінскі гарадскі суд на закрытым працэсе асудзіў вядомую праваабаронцу Насту Лойка на 7 гадоў пазбаўлення волі ў якасці помсты за яе дзейнасць.
У арганізацыі Human Rights Watch адзначылі, што праз тры гады пасля жнівеньскіх пратэстаў 2020 году супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах улады так і не правялі эфектыўнага расследавання тысяч індывідуальных скаргаў на масавыя затрыманні і катаванні пасля затрыманняў. Апроч таго, улады ўхвалілі шэраг рэзанансных рашэнняў, накіраваных на пераслед тых, хто выехаў з краіны.
ав/Свабода