Беларуская Служба

Аляксандр Хацкевіч расказаў, як яго хацелі дэпартаваць з Чэхіі з-за беларускага пашпарта

14.01.2024 13:49
Аляксандр Хацкевіч гуляў у кіеўскім «Дынама» з 1996 па 2003 год, а ў 2017–2019 гадах быў галоўным трэнерам клуба. У 2014–2016 гадах узначальваў зборную Беларусі.
 .
Аляксандр Хацкевіч.Фота: Ютуб-канал "Жыццё-маліна"

Былы футбаліст кіеўскага «Дынама» і трэнер зборнай Беларусі Аляксандр Хацкевіч у інтэрв'ю YouTube-каналу «Жыццё-маліна» распавёў, з якімі праблемамі сутыкнуўся з-за беларускага пашпарта ў Чэхіі.

Аляксандр Хацкевіч узгадвае, што 10 красавіка 2022 года, пасля пачатку расійскага ўварвання, ён выехаў з Украіны:

- Мы прыехалі ў Прагу. Патрэбна была легалізацыя. Там ёсць цэнтры, якія гэтым займаюцца. У цэнтры паліцыянт убачыў мой сіні пашпарт. Ён нават не стаў распытваць: адкуль, што. Убачыў, што мы заехалі з боку Украіны. Проста паставіў дэпартацыю і сказаў, каб праз месяц вас тут не было. Я гавару яму, што не магу вярнуцца ў Беларусь. Ён кажа: «У вас вайны няма, туды і вяртайся». Я пачаў тлумачыць: чаму, што. Ніхто не хоча слухаць – «у вашай краіне няма вайны, вяртайцеся».

Па словах Хацкевіча, ён аспрэчыў рашэнне аб дэпартацыі. Яго апеляцыю разглядаюць у Празе да гэтага часу.
- У нас ёсць папера, якая дазваляе знаходзіцца на тэрыторыі Чэхіі. Ніякіх праблем няма, але далей ты выехаць нікуды не можаш, – растлумачыў Хацкевіч.

Былы футбаліст кіеўскага «Дынама» таксама распавёў, што яму некалькі разоў прапаноўвалі прыняць украінскае грамадзянства, але ён не хоча пазбаўляцца беларускага пашпарта.

- Я беларус. Я нарадзіўся ў Беларусі. Чаму я павінен саромецца свайго пашпарта? – сказаў Хацкевіч.

Аляксандр Хацкевіч гуляў у кіеўскім «Дынама» з 1996 па 2003 год, а ў 2017–2019 гадах быў галоўным трэнерам клуба. У 2014–2016 гадах узначальваў зборную Беларусі.

Zerkalo.io

нг