Беларуская Служба

Упершыню беларускі брэнд адзення возьме ўдзел у New York Fashion Week

14.01.2024 17:24
Частка рэчаў подыумнай калекцыі пойдзе ў вясновую калекцыю брэнда, а частка – проста застанецца на памяць аб падзеі.
.
.Скрын старонкі ў інстраграм Maymont/Наша Ніва

Заснавальніца маладога брэнда жаночага адзення Maymont (яму тры гады) падзялілася ў інстаграме навіною аб удзеле ў New York Fashion Week. Дата паказу – 9 лютага. «Maymont стаў першым фэшн-брэндам з Беларусі, які выйшаў на сусветную пляцоўку ў Нью-Ёрку», – гаворыць у сваім відэа Кацярына Вашчылка. Smartpress звязаўся з ёй, каб дазнацца падрабязнасцяў.

Пасля падачы заяўкі і доўгіх перамоваў з аргкамітэтам Кацярыну запрасілі на сумоўе, і ў верасні мінулага года ўзгаднілі ўдзел Maymont у паказах New York Fashion Week. «Нават пасля пачатку падрыхтоўкі яшчэ нейкі час разам з камандай прыходзілі ў сябе ад такой крутой навіны», – успамінае яна.

Анансаваць падзею ў сацсетках вырашылі за месяц да шоу: паводле слоў заснавальніцы брэнда, лепш рабіць гэта, калі амаль усё гатова, а не калі гэта проста эмоцыі. Калекцыя ўжо прыбыла ў Нью-Ёрк, а адшывалася ў Баранавічах: там знаходзіцца вытворчасць Maymont і адна з фірменных крамаў брэнда.

Якой атрымалася калекцыя? Гэта пяць вобразаў. «Плюс мне ж таксама трэба ў чымсьці выйсці на подыум – і гэта фактычна будзе шосты вобраз», – адзначае Кацярына.

У інстаграме брэнд ужо пачаў дзяліцца фрагментамі тканін і вышывак калекцыі, аднак поўную карціну можна будзе ўбачыць толькі на шоу.

– Maymont – гэта базавыя, капсульныя рэчы, – распавядае аб сваім брэндзе Кацярына. – Часам праскоквае «моднае», але пры правільным ужыванні і такія мадэлі могуць быць базай. Подыумную ж калекцыю мы вырашылі зрабіць больш вычварнай. Не, яна не крычыць, без дзіўных дэталяў, вельмі стрыманая і проста дарагая, такі вячэрні кэжуал. Напрыклад, у нас будзе чорная сукенка, цалкам вышытая ў чырвоныя кветкі.

Частка рэчаў подыумнай калекцыі пойдзе ў вясновую калекцыю брэнда, а частка – проста застанецца на памяць аб падзеі.

New York Fashion Week – адзін з чатырох самых вядомых тыдняў моды ў свеце. Разам з парыжскім, лонданскім і міланскім тыднямі, уваходзіць у «Вялікую чацвёрку» або Big 4 – найбуйнейшых падзей у сусветнай моднай індустрыі, якія адкрываюць велізарныя магчымасці перад дызайнерамі і моднымі брэндамі.

У 2021-м годзе ў паказах NYFW браў удзел іншы беларускі брэнд – HVILINA, ён займаецца вытворчасцю гадзіннікаў.

Наша Ніва

нг