Беларуская Служба

Перад выбарамі актывізавалася работа Полацкай раённай пракуратуры

15.01.2024 17:45
Позвы ў пракуратуру ўручаюць мясцовым жыхарам, якіх лічаць «ненадзейнымі».
      .
Перад выбарамі актывізавалася работа Полацкай раённай пракуратуры.Фота з адкрытых крыніц

На думку раённай пракуратуры, каб стаць «ненадзейным», дастаткова мець «палітычную» адміністрацыйную справу, хай сабе і трохгадовай даўніны. Такіх людзей лічаць патэнцыйна небяспечнымі і выклікаюць на прафілактычныя гутаркі.

Гутарка займае каля 10-ці хвілін, распавёў адзін з вымушаных наведнікаў пракуратуры. Пракурорскага работніка цікавіла, ці быў ён асуджаны паводле артыкула 24.23 КаАП або па ч.2 арт 19.11 КаАП. На апошнім увагу акцэнтавалі асобна: маўляў, не варта падпісвацца на «непатрэбныя Telegram-каналы» і не варта пакідаць «неабдуманыя каментары» на «сумнеўных рэсурсах».

Яшчэ адна жыхарка Полацка распавяла, што ў калідоры пракуратуры ёй давялося правесці каля паўгадзіны, бо на гутарку была жывая чарга. Пракурорскі работнік сказаў, што на гэты дзень выклікалі 40 чалавек, якім неабходна вынесці афіцыйнае папярэджанне. Падрабязна распыталі, калі і за якія «экстрэмісцкія» падпіскі ёй быў прысуджаны арышт на 10 сутак. Паколькі гэта было яшчэ ў 2022 годзе, яна перапытала, чаму ў пракуратуру яе выклікалі толькі цяпер.

«Бо цяпер у Беларусі набліжаюцца значныя палітычныя падзеі – выбары, якія павінны прайсці ў спакойнай абстаноўцы», - такі быў адказ.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск