Беларуская Служба

За 2023 год у Беларусі па палітычна матываваных крымінальных справах асуджаныя як мінімум 1603 чалавекі

15.01.2024 18:10
Па стане на 15 студзеня 2023 года ў Беларусі 1413 палітычных зняволеных. У краіне працягваюць пераследаваць і рэпрэсаваць беларусаў за адкрытае выказванне нязгоды з дзеяннямі ўладаў.
 2023            1603 .
За 2023 год у Беларусі па палітычна матываваных крымінальных справах асуджаныя як мінімум 1603 чалавекі.Фота: spring96.org

На працягу 2023 года «Вясна» фіксавала палітычныя крымінальныя справы, па якіх актыўна судзілі беларусаў. Больш за ўсё асуджаных зафіксавана ў Мінску – 57%. Прысуды выносілі за песні, развіццё нацыянальнай культуры, праяву антываеннай пазіцыі і дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсій.

Агульная колькасць асуджаных

За мінулы год «Вясна» сабрала даныя як мінімум аб 1603 асуджаных па палітычных матывах. З іх 73% – мужчыны, 27% – жанчыны.

Агульная колькасць гадоў пакарання

Сумарна паводле ўсіх відаў пакарання было вынесена прысудаў на 2996 гадоў.

Віды пакаранняў

У 2023 годзе суды вынеслі наступныя прысуды:

  • 1935 гадоў пазбаўлення волі для 458 чалавек;
  • 854 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі») для 389 чалавек;
  • 106 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі») для 51 чалавека;
  • чатыры гады арышту для 18 чалавек;
  • прымусовае лячэнне для пяці чалавек;
  • адзін год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай для аднаго чалавека;
  • 2700 базавых велічыняў штрафу для сямі чалавек.


Геаграфія прысудаў па абласцях

Больш за ўсё асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах зафіксавана ў Мінску (57%). Сярод рэгіёнаў найбольшая колькасць асуджаных у Гомельскай (10%) і Берасцейскай (10%) вобласці.

Самыя распаўсюджаныя палітычныя крымінальныя артыкулы

Больш за ўсё беларусаў судзілі ў 2023 годзе паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) – 863 чалавекі. За «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369) асудзілі як мінімум 187 чалавек. 324 чалавекі асудзілі за «абразу Лукашэнкі» (арт. 368), а за «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (арт. 130) – 162 чалавекі.

spring96.org/вх