Беларуская Служба

Валеры Кавалеўскі заклікаў ААН адрэагаваць на новую ваенную дактрыну беларускага рэжыму

17.01.2024 08:47
У абноўленым праекце Ваеннай дактрыны ўпершыню разглядаецца магчымасць прымянення ядзернай зброі.
Сцяг ААНГрамадскі набытак

Прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету Валеры Кавалеўскі заклікаў Арганізацыю аб’яднаных нацый адрэагаваць на новую ваенную дактрыну беларускай дыктатуры.

«Новая ваенная дактрына рэжыму Лукашэнкі прадугледжвае кантроль над тактычнай ядзернай зброяй, якую Расія вырашыла размясціць у Беларусі», – напісаў палітык у сетцы Х.

Паводле яго, «гэта яшчэ адна спроба незаконнага кіраўніка разбурыць у цяперашнім нестабільным свеце міжнародныя дамоўленасці аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі».
Кавалеўскі зазначыў, што «гэты абуральны крок заслугоўвае адкрытага і выразнага адказу з боку Упраўлення ААН па пытаннях раззбраення».

Учора на паседжанні Рады бяспекі, якое ўзначальваў дыктатар Лукашэнка, былі разгледжаныя праекты Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны Беларусі. У абноўленым праекце Ваеннай дактрыны ўпершыню разглядаецца магчымасць прымянення ядзернай зброі.

вс