Беларуская Служба

Праваабаронцы патрабуюць расследавання прычын смерці палітвязня Вадзіма Храсько

17.01.2024 13:10
Смерць Вадзіма Храсько – чацвёртая за апошні час смерць палітвязня ў беларускіх папраўчых установах.
Вадзім Храськоspring96.org

У ноч з 8 на 9 студзеня 2024 года ў калоніі «Віцьба» ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько. Ён быў дастаўлены з калоніі ў лякарню, але медыкі ўжо не змаглі яго выратаваць. На гэты момант прычына смерці Вадзіма Храсько ды іншыя абставіны з пэўнасцю не вядомыя. Аднак, паводле папярэдняй інфармацыі, яго смерць магла быць выкліканая несвоечасовым аказаннем яму належнай медыцынскай дапамогі.

У сувязі з гэтым прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці выступілі з сумеснай заявай з гэтай нагоды.

«У ёй праваабаронцы заклікаюць Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь і Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь распачаць крымінальную справу па факце смерці Вадзіма Храсько, правесці аб'ектыўнае і ўсебаковае расследаванне для ўстанаўлення прычын гэтай трагедыі і праінфармаваць грамадскасць аб яго выніках».

Яны таксама патрабуюць праінфармаваць грамадскасць аб выніках расследавання смерцяў іншых палітычных зняволеных у беларускіх турмах – Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча і Алеся Пушкіна.

«Цалкам відавочна, што чарговая смерць палітвязня ў месцах пазбаўлення волі за такі кароткі час праз неаказанне належнай медыцынскай дапамогі, зʼяўляецца следствам дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжання з людзьмі, заснаванага на палітычных матывах», – чытаем у заяве беларускай праваабарончай супольнасці.

Нагадваем, смерць Вадзіма Храсько – чацвёртая за апошні час смерць палітвязня ў беларускіх папраўчых установах.

аз