Беларуская Служба

У Драгічыне брутальна затрымалі шэсць чалавек, адзін з іх трапіў у рэанімацыю

18.01.2024 13:13
Як сцвярджае крыніца праваабаронцаў, адзін з затрыманых доўга ляжаў на вуліцы на зямлі ды сплываў крывёю.
Уезд у Драгічын Фота: https://brestspring.org

Паводле інфармацыі «Берасцейскай вясны», 16 студзеня ў горадзе Драгічыне і вёсцы Сварынь былі жорстка затрыманыя мінімум шасцёра мужчын. Афіцыйнай нагодай для вобшукаў стаў нібыта пошук зброі. Вобшукі праходзілі брутальна: зрывалася падлога і навясныя столі ў дамах, выбіваліся вокны ў машынах.

Як сцвярджае крыніца праваабаронцаў, адзін з затрыманых доўга ляжаў на вуліцы на зямлі ды сплываў крывёю. Пазней яго даставілі ў рэанімацыю. Які далейшы лёс мужчыны, невядома.

Мужчын аб'ядноўвае тое, што яны займаюцца прымежным гандлем («чаўночным бізнэсам»). Памеры іх абароту сурʼёзныя, бізнес пераходзіў людзям яшчэ ад бацькоў. І КДБ нібыта магло захацець падпарадкаваць сабе гэтую дзейнасць.

Па стане на ўчора, мінімум адзін з затрыманых быў вызвалены.

эж