Разам з журналістамі з украінскага праекту расследаванняў «Схемы», радыё Свабода звязалася з дзецьмі, якіх прывозілі ў Беларусь, а пасля вярнулі назад у акупаваныя Марыупаль і Лісічанск. Агулам вядомыя імёны паўсотні такіх дзяцей.
З дапамогай «Кіберпартызанаў», якія далі Свабодзе доступ да ўнутранай перапіскі Беларускага Чырвонага Крыжа, а таксама пасля аналізу прапагандысцкіх сюжэтаў журналісты расказваем, як Беларусь стала адным з цэнтраў так званага «перавыхавання» украінцаў у лаяльных акупацыйнай расійскай уладзе грамадзянаў, і як Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі спрабуюць «адбяліць» ваенныя злачынствы Расіі і даюць дзецям цукеркі ў надзеі замяніць іхны погляд на свет.
Паводле звестак лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ельскай школы грамадскай аховы здароўя, з пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны да жніўня 2023 года з Украіны ў Беларусь былі дэпартаваныя не менш за 2442 дзіцяці.
У падрыхтоўцы «адпачынку» для дэпартаваных дзяцей у Беларусі ўдзельнічалі дзве арганізацыі: дабрачынны фонд беларускага паралімпійца і матывацыйнага спікера Аляксея Талая і Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, якое ўзначальвае Дзмітрый Шаўцоў.
Па словах упаўнаважанага па правах чалавека Украіны Дзмітрыя Лубінца, Шаўцоў «хваліўся» дэпартацыяй украінскіх дзяцей, стоячы на акупаваных украінскіх тэрыторыях у ваеннай форме з літарай «Z».
Паводле дакументацыі Беларускага Чырвонага Крыжа, атрыманай дзякуючы групе беларускіх апазіцыйных хакераў, ЮНІСЕФ таксама ўдзельнічаў у арганізацыі «канікулаў» для ўкраінскіх дзяцей у Беларусі ў жніўні 2022 года ў рамках праграмы «Гуманітарнай дапамогі дзецям-уцекачам з Украіны».
«Савецкая і прарасійская вайсковая тэматыка, сустрэчы з беларускімі міліцыянтамі і вайскоўцамі сталі неад’емным атрыбутам так званых дзіцячых адпачынкаў у летніках Беларусі, куды так ці інакш трапляюць украінскія дзеці», – падкрэсліваюць журналісты.
Паводле брытанскага штодзённіка The Telegraph, з верасня 2022 года як мінімум 2150 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 гадоў былі дэпартаваныя як мінімум у чатыры лагеры ў Беларусі.
Упаўнаважаная па правах дзіцяці Украіны Дар'я Герасімчук заявіла, што вядома пра дэпартацыю з акупаваных тэрыторый у Расію не менш за 19,5 тысяч украінскіх дзяцей.
PAP/нг