Міністры сельскай гаспадаркі Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі звярнуліся да Еўракамісіі з заклікам забараніць імпарт збожжа з Расіі і Беларусі ў краіны Еўрапейскага Саюзу. Зварот ініцыявала Літва. Ініцыятары заклікаюць краіны ЕС да супрацоўніцтва ў рэалізацыі абмежавання.
Як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі Літвы Кястуціс Навіцкас, санкцыі ЕС супраць Расіі недастатковыя, і неабходна дадаткова абмежаваць паступленне расійскіх тавараў у Еўрасаюз.
Паводле чыноўніка, у той час як Расія вядзе жорсткую і незаконную вайну супраць Украіны, яе збожжа працягвае паступаць на рынкі ЕС. Напрыклад, у 2023 годзе Еўрасаюз імпартаваў 1 млн 530 тыс. тон расійскага збожжа на суму ў 437 млн 500 тыс. еўра.
Міністры падкрэсліваюць, што Расія з прыбытку ад экспарту збожжа ў ЕС фінансуе вайну з Украінай.
Рада Еўрасаюзу на ўзроўні міністраў сельскай гаспадаркі і рыбалоўства плануе абмеркаваць гэтае пытанне 26 сакавіка. Тым часам Еўракамісія замест забароны рыхтуецца ўвесці мытныя абмежаванні на імпарт збожжа з Беларусі і Расіі, паведамляе «Белсат».
вс