Выбарчая камісія Каардынацыйнай рады прыняла ўжо тры спісы кандыдатаў на выбарах у Каардынацыйную раду. Яны прайшлі верыфікацыю па асобным кодзе і знаходзяцца на этапе выбарачнай праверкі, пасля чаго будзе прынята рашэнне аб допуску іх да ўдзелу ў выбарах.
Лідар або лідарка спіса выбарчага суб'екта мусіць запоўніць Форму першаснай падачы заяўкі. Цягам 48 гадзін кожны член гэтага спіса будзе абавязаны пакінуць свае дадзеныя для верыфікацыі ў адпаведнай Форме верыфікацыі выбарчага спіса.
Надоечы пра свой удзел у выбарах у Каардынацыйную раду паведаміў Павел Латушка. Палітык заявіў аб стварэнні кааліцыі з Рухам «За Свабоду», да якой таксама далучыліся іншыя грамадскія аб’яднанні, блогеры, дыпламаты, юрысты, адвакаты, дзеячы культуры, прадпрымальнікі:
- Беларусы павінны мець права абіраць сваіх прадстаўнікоў. На жаль, пакуль гэта немагчыма рабіць у Беларусі, але ў нас ёсць магчымасць абраць сваіх прадстаўнікоў на выбарах у Каардынацыйную раду. Заклікаю ўсіх нас прыняць удзел у гэтых выбарах.
Кампанія пройдзе паводле прапарцыйнай сістэмы, то бок спісы, умоўна, партыі, будуць атрымліваць месцы ў Каардынацыйнай радзе прапарцыйна галасам, пададзеным за спісы кандыдатаў. Чым больш галасоў атрымае нейкі спіс, тым больш яго прадстаўнікоў трапяць у Каардынацыйную раду. У аднаго выбаршчыка будзе толькі адзін голас, які можна аддаць за адзін спіс.
25 красавіка пачнецца агітацыя. Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца 3 дні — да поўначы 27 траўня. Вынікі абвесцяць 8-га чэрвеня.
аз