Беларуская Служба

Рэжысёра Андрэя Гнёта, якому пагражае экстрадыцыя ў Беларусь, вызвалілі з сербскай турмы (ВІДЭА)

06.06.2024 15:14
Андрэй Гнёт – беларускі журналіст і рэжысёр, палітычны актывіст.
Рэжысёр Андрэй Гнёткрыніца: andrewgnyot/Instagram

Беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, які быў затрыманы ў Сербіі на запыт беларускага рэжыму, перавялі з цэнтральнай турмы Бялграду пад хатні арышт. Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Паводле палітыка, цяпер трэба не дапусціць яго экстрадыцыі ў Беларусь, дзе Андрэя Гнёта пераследуюць па палітычных матывах.

У сацыяльных сетках таксама зʼявіўся відэазварот Андрэя Гнёта, дзе ён кажа, што знаходзіўся ў бялградскай турме «сем страшных месяцаў і шэсць доўгіх дзён». «Пякельныя краты змянілі для мяне хатнім арыштам, але гэта – як рай», – зазначыў мужчына. Гнёт падзякаваў усім, хто дапамагаў яму выйсці з турмы, аднак падкрэсліў, што гэта яшчэ не канец гісторыі.

«Сербскі суд усё яшчэ думае, экстрадаваць мяне ці не. Забіць мяне ці пакінуць у жывых. У гэтым страшным серыяле пачаўся другі сезон. І бойка за мяне будзе яшчэ больш жорсткая і бескампрамісная. Але я не баюся», – заявіў ён.

Андрэй Гнёт – беларускі журналіст і рэжысёр, палітычны актывіст. Яго называюць сузаснавальнікам «Свабоднага аб’яднання спартоўцаў SOS-BY», прызнанага «экстрэмісцкім фармаваннем» у 2022 годзе, паведамляе «Белсат».

вс