Беларуская Служба

Расійскія ўгнаенні заліваюць Еўропу і б'юць па Польшчы. ЕС не бачыць праблемы

16.07.2024 18:21
Павелічэнне экспарту ўгнаенняў зʼяўляецца адным з інструментаў для аднаўлення даходаў газавага сектару, які зʼяўляецца ключавым з пункту гледжання бюджэту Крамля. 
Ілюстрацыя Фота: oticki/ Shutterstock

Дадзеныя Еўрастата паказваюць, што ў першым паўгоддзі 2024 года ў краіны ЕС прыбыло амаль 3 мільёны тон угнаенняў з Расіі і Беларусі. Гэта на 65 % больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Абедзве краіны разам складалі больш за 30% усіх паставак у ЕС, – пішуць на польскім партале forsal.pl. Іх доля на рынку была самай высокай з таго часу, як Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну.

А вытворчасць угнаенняў – адзін са спосабаў выкарыстання лішкаў прыроднага газу ва ўмовах страты Расіяй значнай часткі рынкаў збыту на Старым кантыненце. Паводле афіцыйнай расійскай статыстыкі, вытворчасць мінеральных угнаенняў у гэтай краіне летась вырасла на 10% у параўнанні з 2022 годам. Сёлета, на думку Асацыяцыі расійскіх вытворцаў угнаенняў – можна павялічыць гэтыя вынікі яшчэ на 10%.

Такім чынам, павелічэнне экспарту ўгнаенняў зʼяўляецца адным з інструментаў для аднаўлення даходаў газавага сектару, які зʼяўляецца ключавым з пункту гледжання бюджэту Крамля. У сярэдзіне мінулага года кошт імпарту газу ў ЕС, які ажыццяўляе «Газпром», Брусельскі інстытут Брэйгеля ацэньваў прыкладна на 70% ніжэй сярэдняга паказчыка за папярэднія некалькі гадоў.

У цяперашні час вартасць газавых трансакцый паміж ЕС і Расіяй, якія кантралюе Фінскі цэнтр даследаванняў энергетыкі і чыстага паветра (CREA), з пачатку гэтага года перавысіла 9 мільярдаў еўра, у тым ліку, за кошт павелічэння паставак у звадкаваным выглядзе ў парты Бельгіі і Францыі. Годам раней гэты паказчык складаў больш за 5 мільярдаў еўра, падлічыў CREA.

эж