Беларуская Служба

У Мінску судзяць айцішніка, які адмовіўся плаціць рэжыму «дабрачынныя ахвяраванні»

06.06.2024 19:02
Мужчыну абвінавачваюць у «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці» і «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання».
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

У Мінскім гарадскім судзе 6 чэрвеня пачаўся чарговы суд за данаты: 56-гадоваму праграмісту Анатолю Валадзько пагражае да 12 гадоў пазбаўлення свабоды, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Мужчыну абвінавачваюць у «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці» і «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання». Справу разглядае суддзя Алена Ананіч.

Анатоль Валадзько    крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Анатоль Валадзько крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Сукамернік Валадзько распавёў «Вясне», што мужчына адмовіўся пераводзіць «ахвяраванні», якія супрацоўнікі КДБ пад пагрозамі патрабуюць выплаціць тым, хто рабіў данаты. Айцішнік не прызнаў сваёй віны. Сукамернік Анатоля сцвярджае, што гэта паслужыла прычынай далейшага пераследу – адміністрацыйнага і крымінальнага.

Спачатку ў студзені 2024 года Валадзько разам з жонкай асудзілі за «дробнае хуліганства». Яго затрымалі ва ўласным доме.

Нядаўна Следчы камітэт паведаміў, што сума выплачаных у 2023 годзе «дабрачынных ахвяраванняў» перавысіла 37 млн беларускіх рублёў.

вс