Беларуская Служба

Беларускую мову ва Украіне ўключылі ў «пералік моваў нацыянальных меншасцяў, якім пагражае знікненне»

08.06.2024 16:01
«Зацьвярджэнне гэтага пераліку зʼяўляецца важным крокам у захаванні моўнай і культурнай разнастайнасці Украіны», – – гаворыцца ў пастанове.
Здымак мае ілюстрацыйны характарradyjo.net

Кабінет Міністраў Украіны 7 чэрвеня зацвердзіў пералік моваў нацыянальных меншасцяў (супольнасцяў) і карэнных народаў Украіны, якім пагражае знікненне, – у пералік трапіла і беларуская мова. Для захавання і развіцця гэтых моваў будзе надавацца дзяржаўная падтрымка, паведамляе «Свабода».

Пра зацвярджэнне дакумента паведаміў прадстаўнік ураду ў Вярхоўнай Радзе Украіны Тарас Мельнічук, а таксама дэпутат Аляксей Ганчарэнка.

Як адзначаецца ў дакуменце, асноўная мэта зацверджанай пастановы – захаванне і развіццё моваў нацыянальных меншасцяў (супольнасцяў) і карэнных народаў Украіны, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
У спіс моваў, якім пагражае знікненне ва Украіне, увайшла і беларуская мова. Акрамя яе, у спіс уключаныя ідыш, рамані (цыганская) і гагавуская мовы, мовы карэнных народаў Украіны – крымскататарская, караімская, крымчацкая, а таксама ўрумская і румейская мовы грэкаў Прыазоўя.

«Зацьвярджэнне гэтага пераліку з’яўляецца важным крокам у захаванні моўнай і культурнай разнастайнасці Украіны. Гэта сведчыць аб імкненні дзяржавы абараняць правы і самабытнасць усіх сваіх грамадзян незалежна ад іх этнічнай прыналежнасці», – гаворыцца ў пастанове.

Згодна з украінскім заканадаўствам, дзяржаўная палітыка ў сферы нацыянальных меншасцяў (супольнасцяў) мае на мэце наданне дзяржаўнай падтрымкі мовам, якім пагражае знікненне.

«Пералік моваў нацыянальных меншасцяў і карэнных народаў Украіны грунтуецца на навукова абгрунтаваных прапановах Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. У яго таксама ўключаныя мовы, якім пагражае знікненне ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, у прыватнасці, высновамі ЮНЭСКА», – гаворыцца ў пастанове Кабінета міністраў Украіны.

У снежні 2023 году Вярхоўная Рада Украіны ўвяла ў заканадаўства аб нацыянальных меншасцях пастаяннае абмежаванне на расійскую мову як «афіцыйную мову дзяржавы, прызнанай Вярхоўнай Радай дзяржавай-агрэсарам або дзяржавай-акупантам».

аз