Беларуская Служба

Улады маюць намер ліквідаваць аб’яднанне татараў «Зікр уль-Кітаб», якое ўзначальвае муфтый Беларусі

09.06.2024 13:02
Старшынёй «Зікр уль-Кітаб» з’яўляецца муфтый Абу-Бекір Шабановіч, які з 2005 года ўзначальвае згаданае Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Мінскі гарадскі суд 18 чэрвеня разгледзіць іск Міністэрства юстыцыі з патрабаваннем ліквідаваць Беларускае грамадскае аб’яднанне татараў «Зікр уль-Кітаб», сведчыць расклад на партале электроннага судаводства, піша Позірк.

Суддзя Алена Сямак пачне працэс у 10:00.

Паводле даных з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, арганізацыя зарэгістраваная 5 ліпеня 1993 года (да 2000-га – Беларускае грамадска-культурнае аб’яднанне татараў-мусульман «Аль-Кітаб»). Разам з Мусульманскім рэлігійным аб’яднаннем у Рэспубліцы Беларусь садзейнічае будаўніцтву і аднаўленню мячэцяў, культурных цэнтраў, школ, музеяў, бібліятэк ды інш.

Старшынёй «Зікр уль-Кітаб» з’яўляецца муфтый Абу-Бекір Шабановіч, які з 2005 года ўзначальвае згаданае Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне. Шабановіч удзельнічае ў шматлікіх праўладных акцыях, дзяржаўныя медыя прадстаўляюць яго лідарам беларускіх мусульман. У 2017 годзе Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў яго прэміяй «За духоўнае адраджэнне».

Каля вытокаў «Зікр уль-Кітаб» і I Усебеларускага з’езда мусульман, на падставе рашэння якога ў 1994 годзе было створанае Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне, стаяў адзін з лідараў татарскай дыяспары, вядомы гісторык Ібрагім Канапацкі (памёр 9 верасня 2005 года ва ўзросце 56 гадоў).

10 кастрычніка 2023 года звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал апублікаваў відэазапіс з затрыманай Зарынай Канапацкай – дачкой Ібрагіма Канапацкага, якая на той момант была старшым навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі Беларусі IX–XVIII стагоддзяў і археаграфіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. На запісе яна – не па ўласнай волі – кажа, што «была падпісаная на экстрэмісцкія каналы, бот «Перамога», «знаходзілася побач з мітынгамі, фатаграфавалася на фоне пратэснага натоўпу».

Ці было ёй пастаўлена ў віну нешта канкрэтнае, невядома.

ав/Позірк