Беларуская Служба

Беларусь павялічыла экспарт нафтапрадуктаў праз расійскія парты на Балтыцы

09.06.2024 16:09
Праз санкцыі Беларусь страціла доступ да партоў у краінах Балтыі, а праз вайну ва Украіне – да ўкраінскіх.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ferenc Novák /pixabay.com/CC0 Public Domain

 Але гэта амаль удалося замяніць расійскімі партамі на Балтыцы, сцвярджае ўрадавая «Российская газета», пра што піша Белсат.

Расійскае выданне прыводзіць такую статыстыку: у 2023 годзе агульны аб’ём перавалкі беларускіх грузаў праз расійскую марскую інфраструктуру дасягнуў 14,1 млн тонаў, з гэтага 12,9 млн тонаў – праз паўночна-заходнія парты Расіі.

Праз два гады, у 2026 годзе плануюць давесці аб’ёмы да 20 млн тонаў. А да ўвядзення санкцыяў Беларусь праз парты краінаў Балтыі і Украіну перапраўляла максімум 18,8 млн тонаў. Выходзіць, Расія амаль, але яшчэ не цалкам замяніла Беларусі страчаныя парты.

З перапраўленага летась праз расійскія парты каля 6,5 млн тонаў грузаў – беларускія нафтапрадукты. Гэта на тры чвэрці больш, чым было годам раней. Для перавалкі менавіта нафтапрадуктаў выкарыстоўваюць два парты ў Ленінградскай вобласці, і для гэтага Беларусі даюць прэферэнцыйныя ўмовы на чыгунцы. Агулам жа Беларусь выкарыстоўвае 19 расійскіх партоў.

Беларусь і Расія падпісалі міжурадавыя і міжведамасныя пагадненні, ствараюць «адзіную транспартную прастору» ў межах «саюзнай дзяржавы». Расійская чыгунка абяцае ўкласці аж звыш 1,7 млрд долараў у развіццё чыгуначных падыходаў да парта «Бронка» ў Ленінградскай вобласці, каб забяспечыць перавалку 20 млн тонаў беларускіх грузаў. Беларуская чыгунка плануе правесці капітальны рамонт каляінаў ад Жлобіну да Расіі. Беларускія прадпрыемствы, як то «Беларуская цэментная кампанія», пачалі фармаваць уласныя маршрутныя цягнікі, каб паскорыць пастаўкі ў Расію.

Наколькі ўсё гэта напраўду эфектыўна, цяжка ацаніць дакладна: два гады таму Беларусь засакрэціла дэталёвую статыстыку вонкавага гандлю. Імаверна, нават з прэферэнцыямі ад Расіі дарога да расійскіх партоў можа абыходзіцца даражэй, чым да літоўскіх.

Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі афіцыйна прызнае: Беларусь адчувае складанасці з ростам экспарту, але галоўная прычына – у адсутнасці ініцыятывы з боку прадпрыемстваў. А Нацбанк падлічыў, што за першы квартал Беларусь нагандлявала ў мінус.

Але Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі, прааналізаваўшы непублічныя справаздачы Беларускай чыгункі, прыйшла да высновы: экспарт беларускага калію вырас летась удвая ў параўнанні з папярэднім годам. Ды і беларускія прадпрыемствы ўмеюць абыходзіць заходнія санкцыі, эксперты прызналі гнуткасць беларускай эканомікі.

ав/Белсат