Беларуская Служба

У Мінабароны патлумачылі, чаму Беларусь удзельнічае ў другім этапе ядзерных вучэнняў Расіі

10.06.2024 13:56
Аб удзеле краіны ў гэтых вучэннях дамовіліся Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін з-за «агрэсіўнай палітыкі заходніх краін».
.
. PAP/EPA/ANTON VAGANOV / POOL

Удзел Беларусі ў другім этапе вучэнняў з нестратэгічнымі ядзернымі сіламі Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі «з'яўляецца планавым і праводзіцца ў інтарэсах забеспячэння ўласнай бяспекі». Аб гэтым 10 чэрвеня заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Яго каментар апублікаваны ў тэлеграм-канале Мінабароны.

Паводле яго слоў, аб удзеле краіны ў гэтых вучэннях дамовіліся Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін з-за «агрэсіўнай палітыкі заходніх краін».

«Сучасныя рэаліі паказваюць, што кіраўніцтва заходніх краін вядзе бескампрамісную агрэсіўную палітыку ў галіне ваеннай дзейнасці і дэманструе адсутнасць гатоўнасці да канструктыўнага дыялогу, што, несумненна, толькі ўзмацняе градус напружанасці ў рэгіёне», – лічыць Хрэнін.

Ён адзначыў, што «некаторыя асабліва гарачыя галовы на Захадзе выношваюць планы прымянення ваеннай сілы супраць Беларусі». Так Хрэнін успрыняў навіны аб тым, што некаторыя краіны дазволілі Украіне выкарыстоўваць іх зброю для ўдараў па тэрыторыі Расіі.

«Прадстаўнікі некаторых краін робяць заявы аб дазволе нанясення ўдараў іх зброяй, якое перададзена Украіне, па тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Ну, а кіраўнік МЗС Літвы ўвогуле фактычна заклікаў да нанясення ўдараў па ваенных абʼектах Расійскай Федэрацыі, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны», – заявіў Хрэнін.

Ён дадаў, што Мінабароны Беларусі адсочвае і аналізуе такія заявы, а таксама паступова ўмацоўвае «свой абарончы патэнцыял».

«І наш удзел у другім этапе вучэння Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі па прымяненні нестратэгічнай ядзернай зброі – таму пацвярджэнне. Сёння мы дзейнічаем на апярэджанне, планава падвышаючы гатовасць да ўжывання так званай зброі адплаты. Як ніколі раней мы поўныя рашучасці да рэагавання на любыя пагрозы, якія ствараюцца як для нашай краіны, так і Саюзнай дзяржавы», – сказаў міністр абароны.

Акрамя таго, ён назваў гэтыя вучэнні «выдатнай магчымасцю на справе ацаніць узровень падрыхтоўкі Узброеных сіл да забеспячэння ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны краіны».

ав/Люстэрка