Беларуская Служба

У Мінску хлопец з прыёмнага пакою лякарні адправіўся на Акрэсціна

12.06.2024 15:01
За татуіроўку «Пагоні» на назе яму прысудзілі сем сутак арышту паводле артыкула аб несанкцыянаваным пікетаванні.
      .    . :
Татуіроўка ў выглядзе герба «Пагоня» на руцэ. Выява носіць ілюстрацыйны характар. Фота: праект «Беларусь на целе»zerkalo.io

У Менску ў прыёмным пакоі лякарні №5 затрымалі хлопца за «несанкцыянаванае пікетаванне» без дазволу гарадскіх уладаў: на ягонай назе была татуіроўка z «Пагоняй». За гэта яго адправілі на Акрэсціна на сем сутак. Аб гэтым выпадку стала вядома з банка судовых рашэнняў, паведамляе «Люстэрка».

Маладога чалавека затрымалі 22 траўня. «Пікетаванне« ён правёў у прыёмным пакоі бальніцы. Сам мужчына ў судзе растлумачыў, што ніякіх грамадска-палітычных мэт не меў, а проста быў апрануты ў майку і шорты, бо яму было горача. Яго судзілі на наступны дзень пасля затрымання.

Як гаворыцца ў матэрыялах справы, малады чалавек «парушыў парадак правядзення пікетавання, што выявілася ў правядзенні ім несанкцыянаванага пікетавання, без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама, з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў, падчас якога дэманстраваў навакольным грамадзянам размешчаную на правай ікраножнай мышцы татуіроўку w выглядзе герба «Пагоня».

«Правядзенне пікетавання ў грамадскім месцы горада закранае правы не толькі яго ўдзельнікаў, але і іншых грамадзян, якія ў масавым мерапрыемстве не ўдзельнічаюць», – абгрунтаваў сваё рашэнне суд.
Яго прызналі вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў па ч. 1 арт. 24.23 КаАП і далі яму сем сутак арышту.

Нагадаем, «пікетаванне» татуіроўкай не рэдкасць у Беларусі: у Івацэвічах у канцы верасня мінулага года судзілі афіцыянта адной з мясцовых устаноў – зноў жа за «Пагоню» на назе, яму выпісалі штраф. А ў Полацку на будаўніка данёс сусед – яго адправілі за краты на 25 сутак, паколькі ён не толькі «пікетаваў» татуіроўкай «Пагоня» на левай назе, але і распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы».

аз