Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у саміце НАТА ў Вашынгтоне

08.07.2024 16:20
Я б хацела, каб Беларусь успрымалася як надзейны, мірны і прадказальны партнёр, сказала Святлана Ціханоўская перад візітам у Вашынгтон.
  i
Святлана Ціханоўская i Енс Столтэнбергhttps://www.facebook.com/S.Tsikhanouskaya

З 9 па 12 ліпеня Святлана Ціханоўская наведае Вашынгтон, дзе возьме ўдзел у Публічным форуме НАТА па запрашэнні Генсакратара Енса Столтэнберга. У траўні беларуская лідарка сустрэлася з кіраўніцтвам НАТА і выступіла перад Паўночнаатлантычнай радай у Бруселі, нагадвае прэс-служба дэмакратычнай лідаркі Беларусі.

Падчас візіту ў Вашынгтоне Святлана Ціханоўская выступіць на шэрагу мерапрыемстваў – і раскажа пра бягучую сітуацыю ў Беларусі і актуальныя праблемы краіны. А таксама акцэнтуе ўвагу на гібрыдных атаках рэжыму Лукашэнкі супраць Польшчы, Літвы і Латвіі, размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі і магчымых сцэнарах далейшага развіцця падзеяў.

Таксама беларуская лідарка абмяркуе важную ролю краіны для рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі – асабліва ў кантэксце расійскай агрэсіі супраць Украіны. Яна выступіць перад шэрагам амерыканскіх і міжнародных СМІ і раскажа пра барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі ды акцэнтуе пытанні рэгіянальнай бяспекі.

«Я радая, што дэмакратычныя сілы Беларусі вядуць актыўны дыялог з НАТА. Альянс заснаваны на каштоўнасцях, якія блізкія беларусам – свабода, правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства права. Упэўненая, што для кожнай еўрапейскай краіны неабходна будаваць паважлівыя і канструктыўныя адносіны з НАТА. Гэта важна і для Беларусі, для нашых нацыянальных інтарэсаў і для падтрымання рэгіянальнай бяспекі. Я б хацела, каб Беларусь успрымалася як надзейны, мірны і прадказальны партнёр», – сказала Святлана Ціханоўская.

Паводле яе, трэба зрабіць усё магчымае, каб Беларусь не стала суцяшальным прызам для Пуціна.

аз